Тыднёвы сьвяточны маратон у разгары. Але сёньня традыцыйныя зычаньні шчасьця ды посьпехаў пачалі саступаць месца развагам пра тое, як жыць тутэйшым далей. На што настройваюцца людзі — на посьпехі або новыя выпрабаваньні? Упэўненыя яны ў сваёй будучыні або разгубіліся перад невядомасьцю?
Развагі пра новае звычайна грунтуюцца на досьведзе мінулага. Як сьведчаць сацыёлягі, народная сьвядомасьць апошнім часам прызвычаілася да таго, што кожны сыходзячы год цяжэйшы за папярэдні. Тое самае адбываецца і ў нашых суседзяў па СНД. Так, паводле зьвестак Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, на працягу апошніх шаснаццаці гадоў толькі аднойчы — у год абраньня Ўладзімера Пуціна прэзыдэнтам — людзі палічылі, што намеціўся нейкі зрух, сытуацыя пачала выраўноўвацца. Але зафіксаваць той пазытыў расейцам не ўдалося. Што да беларускіх паралеляў, дык мінулыя выбары кіраўніка краіны не дадалі надзеі на лепшае. Ня стаў выключэньнем і год мінулы, лічыць мастачка з Гарадзеншчыны Марыся Мацко:
(Мацко: ) “Якое можа быць жаданьне? Каб ня стала горш. Як казаў Сэнт-Экзюпэры, усё лепшае ўжо было”.
Калі скепсысам напоўненыя гарадзкія лірыкі, што ўжо казаць пра вясковых прагматыкаў? Без усялякіх спасылак на высокія аўтарытэты фэрмэр Аляксей з гарадоцкай вёскі Пальмінка сьведчыць, што жыцьцё заганяе яго ў кут:
(Аляксей: ) “Чакаю зьніжэньня падаткаў. Гэта самае галоўнае пытаньне ў мяне. Неяк “ганяюць” нас дужа... А ў асабістым жыцьці ў мяне й так усё ёсьць: хата ёсьць, дзіця ёсьць, дрэва пасадзіў”.
Людзям больш сталага веку таксама няма чым асабліва хваліцца. Спадарыня Станіслава Стомаль з Івянца жорстка канстатуе:
(Стомаль: ) “Пэнсіянэры поўзаюць ракам — вось як!”
Гэткія невясёлыя ацэнкі сацыяльна-эканамічнага падмурку спадзеваў на сёлетні год падсумоўвае валожынскі качагар Валянцін Пракопчык:
(Пракопчык: ) “Ня надта добры быў год. Як у прорву тыя грошы. Напазычаесься грошай — у даўгі ўлезеш”.
Аднак трывала зафіксаваны ў масавым уяўленьні характар часу не супадае з адпаведнымі меркаваньнямі пра яго прадстаўнікоў улады. Вэртыкальшчыкі ацэньваюць дасягнутае з дакладнасьцю да наадварот — вельмі аптымістычна. Яны імкнуцца пераканаць грамадзтва: Беларусь разьвіваецца нават лепш, чым суседзі — тая ж Расея, Украіна, Прыбалтыка, Польшча. У прыватнасьці, афіцыйная прапаганда спасылаецца на досьвед аднаго з самых цяжкіх рэгіёнаў краіны — Гомельшчыны. Маўляў, ягонаму дынамічнаму разьвіцьцю не замінаюць нават наступствы чарнобыльскае катастрофы. Высокай думкі пра дасягненьні праблемнай вобласьці і ейны “губэрнатар” Аляксандар Якабсон:
(Якабсон :) “Ёсьць сур’ёзны задзел, каб у наступным годзе працаваць дастаткова ўпэўнена. Калі гаварыць пра Гомельшчыну, то мы — калі глядзець у рамках той пяцігодкі, якая зацьверджаная да 2005 году, мы па ўсіх паказчыках, за выключэньнем тавараў народнага спажываньня, перавыканалі заданьні пяцігодкі за тры гады!”
Старшыня аблвыканкаму цалкам салідарны з ацэнкай сытуацыі, выказанай кіраўніком краіны. Па лёгіцы апошняга на ўжо дасягнутым эканамічным падмурку год Малпы стане, як казалі некалі на зьездах Кампартыі, “рашаючым” у выкананьні пяцігадовай праграмы разьвіцьця Беларусі. Абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам курс “найвялізьнейшае эканамічнае паскарэньне” не выклікае сумненьняў і ў ніжэйшай рэгіянальнай вэртыкалі. Ва ўсялякім раз,е публічна выказаць сумненьні ў аб’ектыўнай ацэнцы рэаліяў і плянаў не адважваецца ніхто зь іх. Вось што кажа адзін з кіраўнікоў Гомельскага аблвыканкаму Эльвіра Карніцкая:
(Карніцкая: ) “Сёньня ўсе паказчыкі, якія мы зацьвярджаем, яны ўжо рэальныя, яны падлічаныя. Аб’ёмы прамысловай вытворчасьці вырастуць на 109,5–110,5 працэнта, спажывецкіх тавараў — 109 працэнтаў, розьнічны тавараабарот — 108,5–109,5 працэнта, платныя паслугі — 107–108 працэнтаў. У гэтых межах мы падлічваем наступны год. Ён у нас складваецца, ня ўлічваючы толькі аднаго паказчыка, — інвэстыцыяў у асноўны капітал”.
Упэўненасьці ўладаў у заўважных зрухах да лепшага шарагоўцы не падзяляюць. Свайго начальства тутэйшыя не любілі ніколі. Але сёньня яно ўвогуле вычарпала ліміт народнага даверу. Менавіта зь мясцовым чынавенствам людзі зьвязваюць асноўныя прычыны сваёй незайздроснай долі. І гэтае меркаваньне ўсяляк падтрымлівае кіраўнік краіны, звальваючы на тых адказнасьць за правал уласнае палітыкі. Маўляў, тутэйшая бюракратыя губіць усё “разумнае і добрае”, што ідзе зьверху. Жыхарка Валожына Вера Зінкевіч па-ранейшаму шчыра верыць Лукашэнку, хоць шмат хто зь ейных знаёмцаў ужо пазбавіўся ранейшых ілюзіяў:
(Зінкевіч: ) “Ну вось я пэнсіянерка. На Пясочнай жыву. Насупраць камэндатуры. Ніколі яшчэ ў хату ніхто не зайшоў і не запытаў: як ты жывеш? Ёсьць у нас у лясной гаспадарцы дырэктар лясгасу — ніколі яшчэ не спытаў, ці патрэбныя мне дровы. Вельмі кепскія адносіны да пэнсіянэраў. Але будуць і яны ў такім узросьце!.. Але што ім, чыноўнікам! Кватэра ў яго тут ля “мэліярацыі” была. Сыну аддаў. А сабе пабудаваў новую каля “Ветрыка”. Зусім дрэнныя адносіны. Я буду ў прэзыдэнцкую камісію пісаць...”
Калі раней па назіраньнях Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў напрыканцы году у ацэнцы псыхалягічнага стану грамадзтва дамінавала словаспалучэньне “стомленасьць і абыякавасьць”, дык цяпер зьявілася новая формула пагаршэньня, так бы мовіць, “эмацыйнага балянсу” — “разгубленасьць і страх”. Дый як, напрыклад, не разгубіцца, калі адусюль рапартуюць пра імклівае разьвіцьцё эканомікі, рост заробкаў, паляпшэньне дабрабыту, а на справе ледзьве ўдаецца зьвесці канцы з канцамі. Распавядае жыхар Валожына Аляксандар Осіп:
(Осіп: ) “У нас такі сельскгаспадарчага ўхілу раён. Людзі ня надта многа зарабляюць. 100–120 тысяч рублёў. Хаця па рэспубліцы даходзіць сярэдні заробак да 150 даляраў, але ў нас і 50 даляраў не прыходзіцца на чалавека. Вось каб заробкі былі большыя!”
Абяцаюць ня проста “большыя”, а па ўяўленьнях вяскоўцаў — “вялізныя” грошы: сярэдні заробак да канца году мусіць дасягнуць 190 даляраў. “Яно й добра”, — разважаюць нашыя суразмоўцы, аднак бянтэжыць, што большасьць ня маюць нават тых 300 тысяч рублёў, якімі казырае сёньня ўлада. Да таго ж людзей пужаюць пэрспэктывы падвышэньня аплаты за жыльлёва-камунальныя паслугі да 60 адсоткаў, скасаваньне шэрагу звычных дробных ільготаў, звужэньне бясплатных адукацыі й мэдычнага абслугоўваньня... Таму і ў разгубленасьці жыхарка Валожына Ала Зенька:
(Зенька: ) “Каб жа быў большы выбар у працы... Я працавала ў рэстарацыі афіцыянткай. Чатыры гады там ужо не працую. Цяпер у бальнічнай аптэцы. З аднаго месца звальняесься, а вось знайсьці іншую працу вельмі цяжка. Ды яшчэ такую, каб была па душы. Хацелася б, каб яшчэ і заробкі былі большымі. А так наш Валожын — горад добры!”
Хоць жыцьцё, як кажуць, усё больш “дастае” людзей, індэксы сацыяльных настрояў паказваюць, што іхная грамадзянская актыўнасьць застаецца амаль на ранейшым узроўні. Напрыклад, зусім мала хто з апытаных зьвязвае надзеі на лепшае з маючымі адбыцца выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. І ў гэтым сэнсе Беларусь амаль не адрозьніваецца ад Расеі. Большасьць спадзяецца сёньня ўжо не на палітыкаў, а на сябе. Вядомы гарадзенскі мастак па мэталу Юрась Мацко лічыць такі стан грамадзтва пераходным. Аднак ён мяркуе, што калі палітычная сытуацыя абвастрыцца, абыякавасьць шарагоўцаў зьнікне:
(Мацко: ) “Для краіны хочацца, каб яна засталася незалежнай, ні ў якім разе ня стала прыдаткам Расеі. Мне здаецца, у мяне рэальныя мары. Спадзяюся, што яны зьдзейсьняцца”.
Ну а што ён хоча для сябе асабіста?
(Мацко: ) “2004 год. Чаго я ад яго хачу? Безумоўна, каб ён быў лепшым ад 2003-га. Хочацца паболей таленавітых заказчыкаў, каб яны давалі больш свабоды для творчасьці. Для сям’і хочацца, каб усе былі здаровыя. І жадаю шчасьця ўсім і здароўя”.
Як ніколі дагэтуль тэма здароўя ў асаблівай пашане сярод нашых суразмоўцаў. Вось што кажа, напрыклад, валожынец Валянцін Пракопчык:
(Пракопчык: ) “Здароўе трэба шанаваць — сваё і дзяцей. Будзе здароўе, будуць грошы. Чакаеш Новага году — а потым шах! — вакуум! Як кажуць, нічога, палягчэе. Палягчэе то палягчэе, толькі ж мы не памаладзеем”.
Але й маладыя вядуць размову пра тое самае. Так, 23-гадовы Сяргей з Круглянскага раёну згадаў, колькі ягоных сяброў загінулі ад гарэлкі, сталі інвалідамі… Адныя ўжо пайшлі з жыцьця, іншыя ніяк ня могуць знайсьці сябе ў ім. І ня толькі таму, што не шанцуе, — як ні дзіўна, нават многім з маладых не хапае сілаў. Таму й кажа хлопец:
(Сяргей: ) “Каб здароўе было моцнае, гэта самае галоўнае! І каб жыцьцё наша спакайнейшае было, каб людзі лепей жылі. Каб у людзей усё было нармалёва…Таму — здароўя ўсім, усяго добрага!”
Калі раней псыхолягі зьвязвалі такія вось бясхітрасныя развагі зь неўсьвядомленымі стэрэатыпамі мысьленьня, то цяпер кажуць пра акрэсьленую асэнсаванасьць жаданьня быць моцнымі і фізычна, і духоўна. Бо ў людзей паболела досьведу жорсткасьці жыцьця. Многіх гэта вельмі палохае, у выніку губляецца псыхалягічная раўнавага. У такой сытуацыі рэзка ўзрастае роля царквы, рэлігіі… Разважае Марыся Мацко:
(Мацко:) “Мы адзначылі Каляды, і я цешуся, што ў нас такая сям’я, калі мы можам усе разам памаліцца за сталом, падзяліцца аплаткай, пажадаць адзін адному задароўя, папрасіць прабачэньня адзін у аднога і зразумець адзін аднога. Таму я шчасьлівая. І мая асабістая мара: я хацела б, каб у нашым горадзе была наша прыватная сямейная галерэя, каб мы разам зь дзецьмі маглі ладзіць там выставы, нацыянальныя сьвяты. І мы б упрыгожылі жыцьцё нашага гораду”.
Набліжэньне да веры вырывае людзей з палону адзіноцтва, лучыць іх у духоўнай еднасьці, вучыць жыць агульнымі клопатамі. Івянецкая пэнсіянэрка Станіслава Стомаль казала нам, што самае галоўнае ейнае чаканьне ад новага году — у завяршэньні рамонту касьцёлу:
(Стомаль: ) “Каб дапамаглі дакончыць рэстаўрацыю касьцёлу. На яго ж было страшна глядзець. Вось цяпер пачалі рэстаўрацыю, дык стаў лепшым. Паглядзіце: царква прыгожая, і касьцёл будзе прыгожы. Чым кепска? Нармалёва! А каб яшчэ паклалі на Піянэрскай вуліцы асфальт, дык было б зусім добра. А яшчэ каб зрэзалі гнілыя дрэвы! Прасіла, але ніхто не зьвяртае ўвагі. Ня дай Бог які вецер, ураган — дык яны ўсе будуць ляжаць на хаце ў мяне. Каб у новым годзе яны мне пазразалі! І сьвет каб правялі, бо там адны пэнсіянэры жывуць”.
Мы спыталіся ў спадарыні Станіславы, на чыю дапамогу яна больш разьлічвае, калі кажа пра так званыя побытавыя дробязі? На суседзяў? Гарвыканкам? Дэпутатаў? Высьветлілася, што бабуля ня дужа спадзяецца нават на Лукашэнку: маўляў, калі што й зробіцца, дык гэта з Боскае літасьці... А ўлады? Улады жывуць іншымі, сваімі клопатамі. Здаецца, гэта пачалі разумець нават дзеці. Ва ўсялякім разе 9-гадовая Радаслава з Горадні перад навагоднімі сьвятамі вывучыла не дзяржаўны гімн, як прасіла настаўніца, а дзіцячую малітву:
(Радаслава: ) “О, анёле, дружа мой,
Ты заўсёды пры мне стой.
Рана, увечары, уначы
Будзь ласкаў дапамагчы.
Беражы ты маму, тату,
Родны край і нашу хату”.
З гэткім спадзевам на заступніцтва нябёсаў ды ўласныя высілкі і ўваходзіць Беларусь у новы год. На зямных бажкоў, што ўладкаваліся ў сваіх утульных чыноўных кабінэтах, спадзяюцца нямногія.