Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін бацька і пяцёра дзяцей


Аляксандар Уліцёнак, Менск

У Беларусі траціна мільёну няпоўных сем’яў. Найчасьцей клопат пра дзяцей ляжыць на маці. Аднак у краіне ёсьць прыблізна 30 тысячаў бацькоў-адзіночнікаў. Хто гэтыя людзі, як выхоўваюць яны сваіх сыноў, дачок?

Дакладнай статыстыкі пра беларускіх мужчынаў, што адны цягнуць сямейны воз, няма шмат у якіх гарадах і раёнах, ня кажучы пра краіну ў цэлым. Напрыклад, у такім вялікім і зусім не глухім рэгіёне як Полацак ды Наваполацак, ніводная ўладная структура ня мае адпаведных лічбаў. І гэта красамоўнае сьведчаньне рэальнага стаўленьня дзяржавы да грамадзянаў, якім адным зь першых якраз і патрэбная ўвага з боку сацыяльных інстытутаў. Аднак тыя 30 тысячаў знаходзяцца сёньня нават у горшым становішчы, чым удовы ці разьведзеныя жанчыны. Тыя, дарэчы, таксама ня вельмі адчуваюць дзяржаўную дапамогу.

Даведка

У Злучаных Штатах 16% дзяцей жывуць з адным бацькам, гэта ўдвая больш, чым 20 гадоў таму. У краінах Заходняй Эўропы 10–15% няпоўных сем’яў трымаюцца на бацьках, у Расеі каля 6%. Рэкардыстка — Францыя, дзе бяз маці жывуць амаль 20% дзяцей у веку 13–16 гадоў.


Тутэйшыя адзінокія мужчыны зь дзецьмі загнаныя беларускім заканадаўствам у тупік. Невыпадкова тэрмін “бацька-адзіночнік” юрыдычна нідзе не зафіксаваны. У бюракратычным карыстаньні іншая, няўклюдная фармулёўка: “бацька, які выхоўвае дзіця без удзелу маці”. І што ён мае ад “сацыяльна арыентаванай”, як сьцьвярджае афіцыйная прапаганда, дзяржавы? Слова — жыхару Драгічына краўцу Міхаілу Янчуку:

(Янчук: ) “Гэта ўсё мізэр… Ну, пэнсія, але ж яна невялікая: на дзіцё 40 тысячаў. Цяпер крышачку больш, а так у сярэднім я няшмат атрымліваў — 60–70 тысячаў на двох. Тым больш, хлопчык у мяне інвалід дзяцінства. І заробак невялікі — 100–120 тысячаў выходзіць”.

А вось што кажа Генадзь, сьлесар з Наваполацку:

(Генадзь: ) “Жонка памерла пасьля цяжкай хваробы, і гэта была трагедыя як для мяне, так і для сына, якому цяпер 12 гадоў. Атрымліваю на яго дапамогу — 59 тысячаў рублёў. Камэнтаваць гэтую суму ня буду. Скажу толькі, што нават без усялякай дапамогі я б сына ніколі не аддаў у інтэрнат ці яшчэ кудысьці, бо лічу, што вырасьціць яго — мой абавязак перад памерлай жонкай і перад самім Богам. Сьвет, як кажуць, не бяз добрых людзей, мне дапамагаюць таварышы з працы, суседзі. За гэта я ім удзячны”.

Што сказаць? У вёсках, дзе заробак яшчэ меншы, тая сума — грошы. А як параўнаць са Швэцыяй, дзе сацыяльныя выплаты сапраўды дазваляюць ставіць малых на ногі, то — сьлёзы. Падман, імітацыя дзяржаўнага клопату. Дарэчы, для няпоўных сем’яў, чый даход ніжэй за рысу жабрацтва, прадугледжаная яшчэ адная надбаўка. Але, па-першае, яна ўвогуле шкадобы вартая. А па-другое, дзеля той дробязі трэба сабраць процьму даведак, столькі часу змарнаваць на кабінэтныя хаджэньні, што бальшыня бацькаў увогуле палічылі гэткую дапамогу абразаю і адмовіліся ад яе.

Гэтак жа бацькі адмаўляюцца найчасьцей і ад спробаў выбіць алімэнты з учорашніх сваіх жонак — мужчынская годнасьць не дазваляе. Яны ня хочуць, каб зь імі гулялі ў дабрачыннасьць. Як вынік, з правіламі гульні, прапанаванай дзяржавай, на ўвесь Полацак пагадзіліся толькі чатыры чалавекі. Сапраўдныя ж крокі насустрач сабе Міхаіл Янчук, напрыклад, бачыць у наступным:

(Янчук: ) “Вось хоць бы ільготы для паступленьня дзяцей на вучобу. У прынцыпе, калі бацька выхоўвае, то ільготаў тут ніякіх. Абсалютна! Разумееце? Ну хоць бы на інтэрнат… Усё ж навучаньне платнае! А ільготаў ніякіх — калі ласка, на поўную катушку! Можаш аплаціць — вучыцеся… Ну чаму яны ня зробяць тут палёгкі?”

Або, дадае спадар Янчук, дапамаглі бы ў забесьпячэньні жыльлём. Ён удзячны Богу, што пасьля аўтааварыі паралізаваная жонка праляжала ў ложку перад вечным спачынам тры гады, і сям’я пасьпела атрымаць кватэру. А каб раней памерла, то было б, як у ягонага сябра Аляксандра Валадзька — зь непаўналетнімі дочкамі той пакутуе ў цесным інтэрнатаўскім пакойчыку і ня бачыць выйсьця.

Дарэчы, у Драгічынскім раёне ажно 44 бацькі-адзіночнікі. Гэта і падштурхнула ўлады да ўнікальнай у краіне акцыі: нядаўна для іх арганізавалі адмысловы круглы стол. Яго карысьць ужо ў тым, што многія ўдзельнікі пазбавіліся небясьпечнай думкі — маўляў, адныя яны такія гаротнікі, толькі ім не пашанцавала ў жыцьці, іхны цяжкі лёс унікальны… Калі не разбурыць гэткай лёгікі, якая, дарэчы, перадаецца і дзецям, то ўрэшце фармуецца адпаведны псыхалягічны комплекс. Акрамя спробы шчырай размовы, арганізатары выдалі прысутным замежную “гуманітарку”.

Разважаючы пра мажлівасьці мясцовае ўлады, загадчыца клецкага Цэнтру сям’і і дзяцей Зоя Ўласевіч найперш кажа пра тыя ж пасылкі зь Нямеччыны ды іншых краінаў:

(Уласевіч: ) “У прынцыпе, усім прапаноўваем. Але шмат хто адмаўляецца ад гуманітарнай дапамогі. Некаторым выдаем адрасную сацыяльную дапамогу — грошы. Праўда, тут ёсьць абмежаваньне — бюджэт пражытковага мінімуму. Паколькі яны ўдаўцы і атрымліваць па артыкуле “страта кармільца”, то гэтыя грошы ім ня могуць быць выплачаныя. Да школы мы цяпер будзем выплачваць дапамогу, на дзіця 15 тысячаў рублёў”.

Даведка

Адзеньне для школьніка каштуе мінімум 50–70 тысячаў, алоўкі, асадкі, лінаркі, сшыткі, вокладкі — мінімум 30 тысячаў. А яшчэ патрэбны заплечнік, падручнікі, форма, абутак…


Але матэрыяльныя праблемы — не адзіны клопат бацькаў-адзіночнікаў. Гомельскі юрыст Леанід Судаленка ўзгадвае эпізод:

(Судаленка: ) “Сям’я распалася. Анатоль пакінуў жонцы з дочкамі двухпакаёўку, а сам — да бацькоў. Празь нейкі час туды прыбеглі дзеці са слязьмі: няма дзе жыць, няма чаго есьці. Жонка Анатоля запіла, прадала кватэру. Таму падаў у суд на ўтрыманьне з былой жонкі алімэнтаў. Раней ён плаціў іх сам. Суд пазбавіў Ірыну мацярынства і перадаў дачок на выхаваньне бацьку.

Калі жа Анатоль стаў цікавіцца, куды падзелася кватэра — дарэчы, атрыманая ягоным бацькам, высьветлілася, што былая жонка пусьціла яе на п’янкі. Сама бадзялася. Анатоль вырашыў праз суд вярнуць жытло дзецям. Праўда, з гэтага ў яго нічога ня выйшла. Суд сказаў, што прапушчаны тэрмін пазову. Ані судзьдзю, ані пракурора, ані натарыюса, якая завярала дамову продажу кватэры, не цікавіла, дзе будуць жыць дзеці, як іх стане выхоўваць кінуты муж”.

Да гэтага трэба дадаць, што былая жонка адсудзіла ў бацькі сваіх дачок яшчэ й расходы на адваката. Цяпер Анатоль сплачвае зь невялікага заробку 225 тысячаў рублёў гэтак званых стратаў, якія нібыта панесла Ірына...

Даведка

Перш як вырашыць, з кім застануцца дзеці пасьля разводу, у Нямеччыне бацькі год жывуць асобна, а малыя выбіраюць між імі. Пасьля суду можа быць прызначаны выпрабавальны тэрмін, звычайна 1 год — каб дзеці самі канчаткова вырашылі, наколькі гэтае рашэньне слушнае. А дарослы-пераможца ўвесь гэты час праходзіць бясконцае тэставаньне ў Камітэце справаў моладзі.


Судовая працэдура ў Беларусі прасьцейшая, і да самага апошняга часу судзьдзі ў цэлым тэндэнцыйна ставіліся да бацькаў, якія хочуць адстаяць свае правы на выхаваньне малых. Так, былы пілёт “Белавія” Алег Бакулін змагаўся за тое ажно чатыры гады. Юрысты, мабыць, палічылі яго вар’ятам — прызначылі псыхіятрычную экспэртызу.

І гэта далёка не адзінкавы выпадак, калі апантаных бацькоўскім пачуцьцём мужчынаў служкі Тэміды бачаць хворымі на галаву людзьмі. Тое ідзе ад стэрэатыпных кансэрватыўных уяўленьняў грамадзтва, нібыта нармалёва выхаваць малых можа толькі маці, якая б яна ні была. Шмат жанчын у крытычных сытуацыях адчуваюць: дзецям лепей было б з мужам, аднак боязь таго, што знаёмыя пачнуць успрымаць іх падобнымі на тых, хто кідае сваіх немаўлятак у радзільным доме, вымушае хлусіць, казаць, нібыта бацька годны хіба на адную ролю — “гаманца”, пажадана пухлявага. Ягоная справа — плаціць алімэнты. І ўсё.

Але як часта ў рэальнасьці здараецца наадварот. Распаведзеную вышэй гісторыю Анатоля дапаўняе прыкладам з магілёўскай вёскі Дакава спадарыня Антаніна:

(Антаніна: ) “Сям’я тая развалілася з-за маці: загуляла і сьпілася. Кінула двох дзетак і зьехала… Ён не апусьціў рукі, праўда, дапамагае ягоная маці. Дзеці заўсёды дагледжаныя, вясёлыя, і сам дастойна выглядае”.

А побач жыве яшчэ адзін бацька-адзіночнік. Але тут сытуацыя зусім іншая.

(Антаніна: ) “Здарылася так, што маці загінула…”

(Карэспандэнт: ) “Трапіла ў аварыю?”

(Антаніна: ) “У сям’і ўжо было пяцёра дзетак, і яна, мабыць, сама хацела зрабіць аборт. Калі прыехала міліцыя, то ў прыбіральні знайшлі трупы дзіцяці-дзяўчынкі і ейны — памерла ад страты крыві…Усе мы былі вельмі ўзрушаныя, перажывалі, суседзі ды сёстры настойліва выказаліся за тое, каб не аддаваць дзяцей у інтэрнат, маўляў, выгадуем разам безь дзяржавы”.

Дарэчы, паводле сацыялёгіі, прычыны адзіноцтва бацькаў наступныя: крыху больш, чым у траціны, жонкі памерлі або загінулі, прыкладна столькі ж маці сьпіваюцца і сыходзяць з дому, астатніх правоў на выхаваньне дзяцей пазбаўляюць суды. Але працягнем размову з Антанінай:

(Карэспандэнт: ) “Ці даўно гэта было?”

(Антаніна: ) “Гадоў дзесяць таму”.

(Карэспандэнт: ) “І як склаўся лёс дзяцей: ці выканалі свае абяцаньні добрыя людзі — вяскоўцы ды сваякі?”

(Антаніна: ) “Вяскоўцы і ёсьць вяскоўцы, а сваякі толькі наабяцалі”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеці самі?”

(Антаніна: ) “Так. І яны зьнікаюць. Старэйшы ўжо ажаніўся і пасьпеў страціць сям’ю”.

(Карэспандэнт: ) “Прычына традыцыйная: сьпіўся, згуляўся?”

(Антаніна: ) “Ну… Дарэчы, пакуль ён быў у войску, ягоны малодшы брат застаўся для астатніх дзяцей і таткам, і мамкай. Самая маленькая дзяўчынка вельмі хворая, дзякуючы намаганьням настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячага садку яна трапіла ў Дрыбінскі дзіцячы дом-інтэрнат”.

(Карэспандэнт: ) “Як вам падаецца: лепш было пакінуць усіх у бацькі, або з самага пачатку аддаць у інтэрнат?”

(Антаніна: ) “Напэўна, у інтэрнат”.

(Карэспандэнт: ) “Інакш кажучы, дзяўчынцы там добра?”

(Антаніна: ) “У яе вялікія прблемы з сэрцам, дык сабралі дакумэнты, і кожны год цяпер езьдзіць на аздараўленьне ў Італію”.

Дадамо: яшчэ дзьве дзяўчынкі з тае сям’і пачалі гуляць — ды так, што вёска толькі галавой ківае: прыкра, але нічога не паробіш: бяз маці растуць... Прыкладна гэтак разважае і Антаніна…

(Карэспандэнт: ) “Паспрабуем параўнаць: маці-адзіночка і бацька-адзіночнік — ці ёсьць тут адрозьненьні?”

(Антаніна: ) “Ну, усё ж маці ёсьць маці. Нездарма існуе прымаўка: калі маці жывая, то дзеці ня сіраты. Сірацеюць, калі страчваюць яе”.

А адмыслоўцы расстаўляюць акцэнты інакш. На іхны погляд, выхаваных нармалёвымі бацькамі-адзіночнікамі дзяцей вызначаюць сабранасьць і самастойнасьць, яны больш адказна ставяцца да сваіх паводзінаў. Бо памятаюць пра таткаву мужчынскую руку. Але адначасова ў іх меней, так бы мовіць, лірызму — не стае мяккасьці, дабрыні, пяшчоты, якімі струменіць звычайна жаночая душа.

Асабліва гэта адбіваецца там, дзе бацька адзін гадуе дзяўчынак. Тут прынята казаць і пра спэцыфічнае жаночае выхаваньне. Аднак, напрыклад, раней згаданы лётчык Алег Бакулін умеў нават роды прымаць, дык няўжо ён няздольны быў навучыць двох сваіх дачок азбуцы гігіены? А Міхаіл Янчук сам пашыў фіранкі ды накідкі для канапы, ложкаў, прыцягнуў у кватэру процьму вазонаў з кветкамі... Хіба гэта ня прыклад для ягонай дзяўчынкі? Таму й кажа:

(Янчук: ) “У мяне вельмі добрыя дачыненьні і з дачкой, і з сынам. Неяк усё ў нас складваецца вельмі добра”.

І вось тут пытаньне: як спалучаюцца бацькоўская любоў да сваіх дзяцей з натуральным мужчынскім жаданьнем мець паўнавартасную сям’ю — з гаспадыняй дому, каханай жанчынаю?

Даведка

Амэрыканскія сацыёлягі лічаць, што шанцы бацькаў-адзіночнікаў знайсьці “другую палову” на 30% вышэй, чым у закаранелых халасьцякоў. Бо жанчынам, якія мараць стварыць сям’ю, важна ўсьведамляць: іхны абраньнік можа быць добрым бацькам дзецям, старанным сем’янінам. І наадварот, лічаць навукоўцы, наяўнасьць дзяцей перашкаджае жанчынам у пошуку партнэраў, таму што бальшыня мужчынаў перакананыя: быць добрай маці забавязаная любая маладзіца.


Размаўляю са спадарыняй Антанінай пра тое, як складвалася тое ў двух бацькаў-адзіночнікаў. Першы, нагадаю, аўдавеў.

(Антаніна: ) “З самага пачатку быў на вышыні, узорам, але з часам, як няма побач жанчыны…”

(Карэспандэнт: ) “Пяцёра дзяцей на руках — ці мог ён уладкаваць свой мужчынскі лёс?”

(Антаніна: ) “Знайшлася кабета, якая нейкі час жыла ў гэтай сям’і, але, напэўна, тое падалося ёй вельмі цяжкай ношаю, і вырашыла, што лепей жыць адной”.

А другога ягоная жонка кінула з двума малымі. Здраду каханай ён пераадолеў, устояў сам і паставіў на ногі дзяцей.

(Карэспандэнт: ) “Чаму ж тады ня жэніцца? Ёсьць меркаваньне: мужчыну-ўдаўцу цяжэй знайсьці замену любаму чалавеку, а таму, каго кінулі — лягчэй, бо сэрца нібыта больш свабоднае для каханьня. Тады што тут: няма, так бы мовіць, “рынку” нявестаў, няма куды пайсьці й некага сустрэць, або перашкаджаюць нейкія традыцыі, боязь чагосьці? Чаго ня хоча, чаго баіцца чалавек?”

(Антаніна: ) “Калі зь ім размаўляеш, адчуваецца, што ён дастаткова цьвяроза глядзіць на жыцьцё. Мусіць, каб у ягоную сям’ю прыйшла нейкая чужая жанчына, трэба, каб яна ўспрыняла тых дзяцей сваімі”.

(Карэспандэнт: ) “Інакш кажучы, для яго галоўнае — дзеці?”

(Антаніна: ) “Сапраўды, гэта так…”

Пра лёс свайго знаёмага, які застаўся пасьля сьмерці каханай з малым сынком, распавядае слонімскі настаўнік Адам Валынец:

(Валынец: ) “Гады тры ён выхоўваў яго сам. У Слоніме гэта было. Валера, ён працаваў прапаршчыкам у вайсковай часьці, сына ў садок адпраўляў, а потым той у школу пайшоў. Ну, сам яго глядзеў, сам яго карміў, у школу, са школы... Гэтак цягнулася гады з тры. А потым, колькі яму там гадоў — 30–32, ажаніўся. Узяў жанчыну зь дзіцём. І вось яны ўжо год жывуць разам, і жывуць нармалёва”.

Што ні лёс — то сваё. І ўсё ж у цэлым беларускія бацькі-адзіночнікі падпадаюць пад статыстыку, сабраную амэрыканскімі сацыёлягамі: даволі часта яны пераадольваюць унутраны псыхалягічны крызыс і знаходзяць сабе жонак, а дзецям маці. І найчасьцей той зьвяз ужо не распадаецца. Ці не таму, што змацаваны пакутамі і бацькоў, і малых?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG