Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаляны


Браніслава Станкевіч, Смаляны

Трапіць у вёску Смаляны зь Віцебску досыць складана, асабліва калі ня маеш уласнага аўто. Таму мне спачатку давялося ехаць цягніком да Воршы – гэта дзьве гадзіны, а потым яшчэ гадзіну трэсьціся ў смуродным старым аўтобусіку з запыленай шыльдай “Ворша-Смаляны”… Гэтыя апошнія 25 кілямэтраў ёсьць штодзённым маршрутам многіх смалянскіх бабулек, якія зранку вязуць у Воршу малако, а бліжэй да абеду вяртаюцца дамоў. Гандлююць яны каля першага ж гарадзкога аўтобуснага прыпынку, расстаўляючы плястыкавыя бутэлькі з малаком уздоўж ходнікаў… Кожная гаспадыня мае сваіх сталых пакупнікоў, якія ўжо чакаюць смалянскага аўтобусу. Незадаволеныя толькі санітарныя службы і аршанскія міліцыянты, якія час ад часу разганяюць стыхійны рынак ды пагражаюць бабулям штрафамі за парушэньне санітарных нормаў. І бягуць тады ў асфальтавых берагох малочныя рэкі, бо хлопцы ў плямістай форме выліваюць малако ды сьмятану проста мінакам пад ногі... А назаўтра ўсё пачынаецца спачатку, бо смалянскія бабулі ведаюць: калі прадасі малако ў горадзе – возьмеш па пяцьсот рублёў за літар, а здасі ў калгас, дзяржаве – усяго дзьвесьце…“Ды й тыя яшчэ не атрымаеш!” – скардзіцца мая спадарожніца бабуля Шура.

(Бабуля: ) “Ня тое, што нявыгадана, каб яны хоць і столькі б давалі, але грашыма. Дык яны ж не даюць грошай!”

Замест грошай за малако кіраўніцтва калгасу “Смаляны” загадала браць у краме прадукты – макарону, крупы, муку, якія на базары абышліся б паўтара разу таньней. Таму бабулі езьдзяць з малаком у горад, пакуль іхныя дзеці ды ўнукі працуюць на калгаснай фэрме або ў полі…

(Карэспандэнтка: ) “А маладыя як у вас жывуць?”

(Бабуля: ) “Ну, як жывуць… У калгас толькі йсьці! А там вельмі мала плацяць… Ці ж гэта работа? Вось у мяне сын працуе ў калгасе – заробак 12 тысяч. Ці ж гэта заробак?”

Падсумаваўшы сынаў заробак, пэнсію ды грошы за малако, бабуля Шура налічыла роўна 107 тысячаў прыбыткy.

(Бабуля: ) “Калі ня піць гарэлкі, дык і хопіць. Жывуць Смаляны, нічога!”

…Смалянскі аўтобус спыняецца на колішняй кірмашовай плошчы. 70-гадовая баба Шура ня памятае, дый ня можа памятаць, што калісьці ў Смалянах быў самы знакаміты ў навакольлі кірмаш. І малако тады вазілі ня ў Воршу са Смалянаў, а наадварот! Сёньня замест колішніх гандлёвых шэрагаў стаяць усяго 6-7 намётаў сучасных гандляроў. Мясцовых зь іх толькі двое. Дый тыя далёка не патомныя захавальнікі тутэйшых традыцыяў! Прыкладам, спадарыня Ларыса ды ейны муж спадар Уладзімер ніколі й ня думалі, што стануць гандлярамі.

(Гандлярка Ларыса: ) “Маем абодва вышэйшую адукацыю. Скончылі Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, інжынэры-мэханікі…”

(Карэспандэнтка: ) “А што здарылася, чаму пайшлі гандляваць на рынак?”

(Ларыса: ) “Дзяцей вучыць трэба!”

“Асартымэнт” у спадарыні Ларысы ды спадара Ўладзімера выключна “пэнсіянэрскі”: паркалёвыя сукенкі, танная бялізна, хатнія тапачкі ды пантофлі без абцасаў…

(Карэспандэнтка: ) “Во тавару ў вас многа, а пакупнікоў нешта няма!”

(Ларыса: ) “Ну, ня дужа “разьбяжышся” – цяжка жыць людзям… такі час, што выжываць неяк трэба! Але ж чалавек, як хоча, дык ён зьбярэ грошы ды купіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі ж каштуе вашая самая дарагая апранашка?”

(Ларыса: ) “Трыццаць-сорак тысяч”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта – самая дарагая?”

(Ларыса: ) “Так! Заробкі ж у нас тут невялікія…”

З суседняга намёту адгукаецца другая мясцовая гандлярка, спадарыня Алена.

(Алена: ) “Што тут раней было! Не было ні гарэлкі, нічога! Стаяў адзіны шынок, бо людзі так не пілі!.. У нас раней было мястэчка. А цяпер – вёска. Хаця ўсе пішуць па-рознаму: хто “вёска”, хто “пасёлак”. Нават на пошце не ведаюць, як правільна пісаць”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія-небудзь прадпраемствы ёсьць у Смалянах?”

(Алена: ) “Не! Раней, гадоў 15 таму была хлебапякарня, быў камбінат бытавога абслугоўваньня. Цяпер нічога няма. Мы далёка ад гораду, далёка ад шашы, далёка ад чыгункі, таму вёска гібее. Сумна ў нашай вёсцы, дрэнна…”

Адзнакі колішняга росквіту мястэчка яшчэ добра відаць з кірмашовае плошчы: над аднапавярховай драўлянай сёньняшняй забудовай узвышаюцца парэшткі касьцёла сьвятой Марыі, пабудаванага ў 17-м стагодзьдзі, цаглянай Аляксееўскай царквы, узьведзенай у 19-м стагодзьдзі ды знакамітага замку “Белы Ковель”, ад якога засталася толькі адна вежа…

Напэўна, з усяе Беларусі толькі ў Смалянах на душу насельніцтва прыпадае такая значная колькасьць архітэктурных помнікаў! Гэта калі казаць умоўна. А калі канкрэтна, то ў вёсцы жывуць каля дзьвюх тысячаў чалавек, а ў належным стане знаходзіцца хіба адзіны помнік беларускага дойлідзтва – драўляная Спаса-Прэабражэнская царква… Як выратаваць іншыя помнікі, ніхто пакуль што ня ведае. Колішні смалянскі настаўнік гісторыі, а цяпер дырэктар Аршанскага краязнаўчага музэю Віктар Лютынскі прапануе зьбіраць сродкі на гэта з разьвіцьця міжнароднага турызму:

(Віктар Лютынскі: ) “Гэта ж такое самае славутае даўніной мястэчка Аршаншчыны! Вось каб турыстычны маршрут гэты, дык і беларусы езьдзілі б, і палякі, і швэды – тут жа смалянскі замак, дзе была бітва часоў вайны Паўночнай… І швэды маглі б сюды прыяжджаць, калі яны любяць езьдзіць па месцах сваіх паразаў, як французы…”

(Карэспандэнтка: ) “Адным словам, гісторыя на кожным кроку…”

(Віктар Лютынскі: ) “Так, так! Вось ідзеш, бывала, асабліва пасьля дажджу, у школу. Там такія горачкі, глядзіш пад ногі – манеткі старажытныя трапляюцца, “брацінкі”, цікавыя такія! А там жа і сапраўдных скарбаў было знойдзена колькі! Толькі ня ўсе яны ў музэі трапілі. Хто што цяпер знойдзе – наўрад ці ў музэй панясе…”

Так, далёка ня ўсе cмалянскія скарбы трапілі ў музэі. Ужо на памяці сучасьнікаў “чорныя сьледапыты” абрабавалі мураваную капліцу, дзе, паводле мясцовага паданьня, быў пахаваны памешчык Цітоў, колішні ўладальнік Смалянаў. Гэтая капліца ХІХ стагодзьдзя, дарэчы, дагэтуль не занесеная ў сьпіс помнікаў дойлідзтва… Але й “улічаным” архітэктурным помнікам тут не шанцавала: у дамініканскім касьцёле пры Саветах зрабілі гараж, а потым на ягоных парэштках трэніраваліся альпіністы … У драўлянай Спаса-Прэабражэнскай царкве быў вінзавод, у каменнай Аляксееўскай складалі калгаснае сена, а самы старажытны “Белы Ковель” яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя расейскі сэнатар Сямёнаў загадаў разабраць на цэглу… Чамусьці й сёньня ў Смалянах ня ўбачыш ніводнае шыльды пра тое, што гэтыя помнікі ахоўваюцца дзяржаваю. За выняткам хіба адной, самаробнай, прымацаванай на дамініканскім кляштары сябрамі аршанскага аматарскага клюбу “Повязь”. Прыяжджалі яны ў Смаляны год 15 таму – яшчэ аршанскі, а ня гомельскі бард Андрэй Мельнікаў, яшчэ аршанскі, а не магілёўскі гісторык Ігар Пушкін… Вызваляць архітэктурныя помнікі ад сьмецьця сабраліся тады чалавек 20, у тым ліку смалянскі настаўнік беларускай мовы Віктар Мяжэвіч.

(Віктар Мяжэвіч: ) “Калі тая група “Повязь” прыяжджала, то цераз газэту запрашалі ўсіх ахвотных, і я як жыхар Смалянаў палічыў сваім абавязкам прыйсьці, прыбраць каля помнікаў. Нас тады было шмат. Я ўжо працаваў настаўнікам, і са мной разам прыйшлі й мае вучні, дапамагалі…”

А сёньня Віктар Мяжэвіч кіруе школьным гуртком “Спадчына” ды стварае ў роднай вёсцы гістарычны музэй. Памяшканьня для музэю пакуль што няма, і ўсе сабраныя экспанаты складаюцца ў школе, дакладней кажучы, у дзьвюх пераабсталяваных школьных прыбіральнях…

(Віктар Мяжэвіч: ) “Мы хочам зрабіць яго добрым! Таму й плянуем зрабіць музэй у добрым памяшканьні. Экспанаты зьбіраем разам зь дзецьмі, або яны самі, калі бавяць свой вольны час каля нейкага помніка, бо яны ведаюць, што зьбіраецца музэйны фонд. Пачыналі мы зь нейкае прасьніцы, нейкага чыгунка, маслабойкі, а летась ужо бралі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па захаваньні спадчыны ды прапанавалі праект стварэньня музэю гісторыі ды культуры вёскі Смаляны ў замку “Белы Ковель”!

На жаль, музэй ў замку “Белы Ковель” – гэта толькі мара. Разам са спадаром Мяжэвічам мы пастаялі каля ягоных парэшткаў ды прайшліся па іншых смалянскіх славутых мясьцінах – зірнулі на 100-гадовую сельскагаспадарчую школу, дзе цяпер месьціцца аграрны коледж, у якім у свой час вучыліся і колішні першы сьпікер парлямэнту Мікалай Дземянцей, і прэзыдэнт беларускай Акадэміі навук Васіль Купрэвіч… Завіталі на яўрэйскія могілкі, дзе тыдзень таму быў пахаваны апошні смалянскі яўрэй. І на каталіцкія могілкі, дзе знайшоў апошні прытулак вядомы паэт-рамантык Тамаш Зан, сябра Адама Міцкевіча ды Ігната Дамейкі. На магіле Зана ды ягонай жонкі ўсталяваныя новыя крыжы. Мармуровыя слупкі, дэкаратыўны ланцуг вакол… Усё гэта 5 год таму зрабілі прыежджыя палякі. А беларусы-аднавяскоўцы нават і ня ўсе ведаюць, які славуты чалавек пахаваны побач з іхнымі сваякамі.

(Карэспандэнтка: ) “Прабачце, ці ня можна даведацца, хто ў вас тут пахаваны?”

(Спадарыня: ) “Бацькі”.

(Карэспандэнтка: ) “А вось вядомы паэт Тамаш Зан – вы ведаеце, што ён пахаваны побач?”

(Спадарыня: ) “Ніколі ня чулі!”

(Спадар: ) “Мясцовы які паэт?”

(Другая спадарыня: ) “На гэтых самых могілках?”

(Карэспандэнтка: ) “Во – побач магіла…”

(Спадарыня: ) “Да вы што! Зараз жа пойдзем “на экскурсію”!

…Ля магілы рамантыка Тамаша Зана гаворка павярнулася раптам зусім у іншы бок: ад гістарычнай рамантыкі мы перайшлі да сучаснай палітыкі. Бо, як лічыць спадар Мяжавіч, усё гэта узаемазьвязана.

(Віктар Мяжэвіч: ) “Той ланцуг павесіць ды прыбраць – гэта ж можна зрабіць уласнымі сіламі! Трэба толькі пра гэта думаць, памятаць і ганарыцца. А ў нас чамусьці ўсе думаюць толькі пра заўтрашні дзень – не пра пасьлязаўтрашні, не пра сваіх сыноў і дачок і ўнукаў… Толькі пра заўтрашні, не, нават толькі пра сёньняшні! Як сёньня выжыць… А трэба зрабіць, як кажуць, рашучы ўчынак –хаця б выбраць іншага кіраўніка! Паглядзець, як будзе пры ім… І тыя людзі, якія зьбіраюцца прапанаваць сваю кандыдатуру праз тры гады, яны мусяць праявіць сябе ўжо сёньня!”

(Карэспандэнтка: ) “А мясцовыя Саветы ў вас як выбіраліся?”

(Віктар Мяжэвіч: ) “Там мы, прынамсі, ведаем, за каго галасуем – ня так, як пры камуністычнай уладзе…”

(Карэспандэнтка: ) “Ваш старшыня сельсавету ня першы раз ужо абраны?”

(Віктар Мяжэвіч: ) “Ня першы”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць у яго рэальная ўлада?”

(Віктар Мяжэвіч: ) “Ну, кароў дзе забараняе пасьвіць…Агароджу на могілках паставіў… Во і ўся ўлада!”

… Хто толькі не валадарыў у свой час у Смалянах! І кароль Жыгімонт Першы Стары, і каралева Бона Сфорца, і князь Канстанцін Астроскі, што разьбіў расейскія войскі на рацэ Крапіўне пад Воршай, і маскоўскі перабежчык Андрэй Курбскі… Проста жывая гісторыя! І нават улетку, у часе вакацыяў, да спадара Мяжэвіча прыходзяць ягоныя вучні: хто- паказаць новую знаходку, хто – параіцца, а Сяргей Дзяржыцкі, трохі зьбянтэжаны, што перарваў чужую дарослую гаворку, папрасіў кнігу. І, мушу прызнаць, зьдзівіў, бо далёка ня кожны нават гарадзкі “прасунуты” чацьвераклясьнік захоча пачытаць на вакацыях энцыкляпэдыю “Археалёгія ды нумізматыка”!

(Сяргей Дзяржыцкі: ) “Я хачу вывучыцца на гісторыка ды стаць экскурсаводам”.

(Карэспандэнтка: ) “А што ты б ты хацеў паказаць сваім экскурсантам?”

(Сяргей Дзяржыцкі: ) “Замак, гэты замак старажытны… Дзьве царквы паказаў бы… Мне падабаецца вывучаць гісторыю маёй вёскі, які ў яе быў лёс, якія помнікі тут засталіся…”

Я ад’яжджала са Смалянаў ужо адвячоркам, калі высокі “Белы Ковель” патанаў у сутоньні… Кажуць, што у такія ціхія пагодныя вечары, калі вакол замка гусьцее змрок, аднекуль з-пад зямлі пачынае раптам гучаць чароўная музыка. У пустых аканіцах запальваецца сьвятло ды зьяўляецца прыўкрасная жанчына ў белым уборы. Кажуць, што гэта прывід каралевы Боны Сфорцы, якая й па сьмерці ня хоча пакідаць Смаляны ды ўважліва назірае са свае высокае вежы за намі – нашчадкамі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG