Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы Беларусі ў постсавецкай інтэграцыі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка і дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталь Сіліцкі

(Валер Карбалевіч: ) “Чарговы саміт Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці, які адбыўся ў нядзелю ў Душанбэ, каторы раз пацьвердзіў даўнюю выснову: інтэграцыя на постсавецкай прасторы перажывае значныя цяжкасьці. На тэрыторыі СНД існуе некалькі міждзяржаўных утварэньняў: ЭўрАзЭС, Арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі, ГУУАМ, Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Кіраўнікі дзяржаваў гэтых аб’яднаньняў рэгулярна сустракаюцца, прымаюць рашэньні, якія, часьцей за ўсё, не выконваюцца.

Пасьля паседжаньня Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць малой выніковасьцю. Прычым ня першы раз беларускі кіраўнік абвінаваціў Расею ў тым, што справы з інтэграцыяй на постсавецкай прасторы ідуць дрэнна. Наколькі такія абвінавачаньні маюць рацыю? Мо за гэтай крытыкай стаяць нейкія іншыя палітычныя мэты і разьлікі?”

(Віталь Сіліцкі: ) “Тое, што інтэграцыя ў гэтых структурах ідзе квола — не сюрпрыз. Зь іншага боку, абвінавачваць Расею за тое, што яна блякуе інтэграцю, недарэчна. Апошні час менавіта расейскае кіраўніцтва ў асноўным і прасоўвае гэтыя інтэграцыйныя працэсы. Таму крыніцы згаданай праблемы нельга шукаць толькі ў палітыцы Масквы.

Думаю, што сэнс гэтай заявы ў тым, каб чарговы раз укалоць Пуціна. І прычыны заявы Лукашэнкі трэба шукаць ў спэцыфіцы сёньняшніх беларуска-расейскіх дачыненьняў. І гэты саміт стаў проста нагодай”.

(Пятро Краўчанка: ) “Думаю, што чарговы раз Лукашэнка спрабуе перакласьці віну з хворай галавы на здаровую. Гэта палітычныя гульні. І яны сьведчаць пра тое, што беларуска-расейскія стасункі знаходзяцца далёка ад нармальнага стану. Я ня бачу для Беларусі альтэрнатывы эканамічнага ўзаемадзеяньня тым структурам на постсавецкай прасторы, у якіх яна ўдзельнічае. Мы ня можам адным крокам адразу ўступіць ў эўрапейскую супольнасьць. Мусяць быць нейкія падрыхтоўчыя структуры, у межах якіх мы будзем, на жаль, доўга рыхтавацца, каб вярнуцца ў лона Эўропы. Нас у Эўропе сёньня ніхто не чакае. Таму трэба весьці барацьбу за тое, каб захаваць рынкі на Ўсходзе”.

(Карбалевіч: ) “То бок, вы лічыце, што Беларусі інтэгравацца ў Эўропу будзе лепш і лягчэй у рамках нейкіх аб’яднаньняў на постсавецкай прасторы, чым у адзіночку?”

(Краўчанка: ) “Абсалютна так. Гэта было спрагназавана мною яшчэ ў 1993–1994 гадах. Толькі разам з Расеяю, Украінаю і іншымі постсавецкімі дзяржавамі мы будзем уступаць і ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, і ў эўрапейскую супольнасьць. У нас іншага шанцу няма”.

(Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка выказаўся вельмі крытычна і наконт нядаўна створанай Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі (АРІ), у якую ўвайшлі Беларусь, Расея, Казахстан і Ўкраіна. Бакі ніяк ня могуць дамовіцца нават аб першых кроках гэтага ўтварэньня. І Лукашэнка выказаў пагрозу выхаду Беларусі з гэтай арганізацыі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заяву?”

(Сіліцкі: ) “Мне два месяцы назад давялося камэнтаваць заяву аб стварэньні гэтай арганізацыі. І ўжо тады гэты працэс выглядаў як добры піараўскі крок. Што тычыцца напаўненьня дзеяньняў гэтай арганізацыі канкрэтным зьместам, то тут былі вялікія пытаньні. Таму сёньняшнія цяжкасьці ў стварэньні АРІ прагназаваліся.

Першы раз Беларусь пагражае выйсьці зь нейкай арганізацыі ў СНД. Да гэтага часу, наадварот, Беларусь актыўна ўдзельнічала ва ўсіх гэтых працэсах. І калі я сказаў, што адзін з кампанэнтаў згаданай арганізацыі быў піараўскі, то трэба дадаць: гэта быў піар не Лукашэнкі”.

(Краўчанка: ) “Я ня бачу ніякага сэнсу ў стварэньні і існаваньні гэтай арганізацыі. Гэтая структура не патрэбная ні Беларусі, ні іншым краінам, бо існуе дастаткова сур’ёзная супольнасьць пад назваю ЭўрАзЭС. Таму гэта проста гульня ў стварэньне новых структураў. Хутчэй за ўсё, гэтае штучнае ўтварэньне не праіснуе доўгі час.

А заява Лукашэнкі — гэта проста папулісцкі ход. Беларускі кіраўнік заўсёды хацеў нейкім чынам вылучыцца, зьвярнуць на сябе ўвагу, падкрэсьліць самастойнасьць у прыняцьці сур’ёзных рашэньняў”.

(Карбалевіч: ) “Калі вынесьці за дужкі гандалёвыя дачыненьні з нашымі суседзямі, Расеяй і Ўкраінай, то гандаль з астатнімі краінамі СНД ад году да году хістаецца на ўзроўні прыкладна 2% усяго замежнагандлёвага абароту Беларусі. Дык мо беларускай дзяржаве і няма асаблівага эканамічнага сэнсу ўдзельнічаць у гэтых арганізацыях у межах СНД, а дастаткова наладзіць добрыя эканамічныя стасункі з Расеяю і Ўкраінаю?”

(Сіліцкі: ) “Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. За апошні год абваліўся гандаль з Украінай. Безумоўна, нам патрэбныя рынкі суседзяў. Увогуле, ні ад аднаго рынку нельга адмаўляцца. Але мне здаецца, што будзе цяжка ажыцьцявіць нейкі гандлёвы прарыў, прыкладам, з краінамі Цэнтральнай Азіі. Таму навошта марнаваць час на гэтыя 2%, калі каля нашых межаў ёсьць буйныя ёмкія рынкі?”

(Краўчанка: ) “Я думаю, што гэта вельмі важны кірунак нашай замежнагандлёвай дзейнасьці. Гандляваць на былых прасторах СССР значна лягчэй, чым у азіяцкіх, арабскіх краінах. У савецкі час нашыя тавары (прыкладам, лядоўні, тэлевізары) вельмі добра рэалізоўваліся ў гэтых краінах. Я думаю, што рынак Казахстану, Узбэкістану важныя для нас у пляне рэалізацыі туды трактароў МТЗ. Гэта краіны, якія маюць дастаткова вялікія запасы валюты, нядрэнна ведаюць нашую тэхніку, іншую прадукцыю. Таму гэта залаты кірунак нашай дзейнасьці.

Зразумейце, на Захадзе нас ніхто не чакае. У Эўропе ўсё падзелена. Таму стратэгічнае выжываньне Беларусі палягае ў заваяваньні рынкаў СНД. Мы іх страцілі за апошнія 10–12 гадоў. Мы рэальна маглі б дасягнуць такога стану, калі гандаль з краінамі СНД, акрамя Расеі і Ўкраіны, мог б складаць 10% нашага замежнагандлёвага абароту. Таму стаіць задача, каб павялічыць нашыя пастаўкі ў згаданыя краіны ў 4–5 разоў. Асабліва гэта тычыцца краінаў Цэнтральнай Азіі. Гэта ёмкі, пэрспэктыўны рынак. І трэба аднавіць там нашыя пазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “У панядзелак у Душанбэ прайшоў саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) ваенна-палітычнай арганізацыі, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Казахстан, Таджыкістан, Кыргістан і Армэнія. Зразумела, навошта гэтая дамова Расеі, Армэніі, дзяржавам Цэнтральнай Азіі. А вось навошта Беларусі ўдзел у гэтай арганізацыі, ня вельмі зразумела.

Ня вельмі зразумелая таксама заява Лукашэнкі аб тым, што Беларусь будзе надаваць такую ж увагу сілам хуткага разгортваньня гэтай арганізацыі, якое яна надае расейска-беларускай групоўцы войскаў. Калі нават уявіць, што Беларусі будзе пагражаць нейкая ваенная небясьпека, то якую дапамогу можа аказаць беларусам Армэнія, Таджыкістан ці Кыргістан?”

(Сіліцкі: ) “Я даволі іранічна гляджу на гэтую арганізацыю. Калі на тэрыторыі краінаў, якія ўваходзяць у АДКБ, стаяць войскі НАТО, то аб чым можна гаварыць? Вэктар гэтага аб’яднаньня вельмі моцна арыентаваны ў бок рэгіёну Цэнтральнай Азіі. І казаць аб ролі Беларусі ў гэтай арганізацыі вельмі цяжка. Гэта проста ня наш рэгіён”.

(Краўчанка: ) “Для Беларусі на гэтым этапе няма альтэрнатывы ўдзелу ў АДКБ. Зразумела, гэтая арганізацыя арыентаваная, у першую чаргу, на Ўсход, рэгіён Цэнтральнай Азіі. Але ёсьць у яе і заходнеэўрапейскі вэктар. Думаю, што гэтая арганізацыя жыцьцёва неабходная для Беларусі. І ў найбліжэйшыя гады і дзесяцігодзьдзі яна рэальна будзе існаваць.

Але трэба заўсёды памятаць пра тыя дзьве агаворкі, якія былі сфармуляваныя мною ў красавіку 1993 году. Яны не дазваляюць Беларусі, па-першае, браць актыўны ўдзел у ваенна-стратэгічных апэрацыях, па-другое, у дзеяньнях сілаў хуткага рэагаваньня. Калі Лукашэнка робіць такую заяву, якую вы ўзгадалі, ён уступае ў супярэчнасьць з Канстытуцыяй Беларусі, з узгодненымі падыходамі, з настроямі нашага грамадзтва. Не адна беларуская маці не пагодзіцца з тым, каб яе сын прымаў удзел у апэрацыях у Цэнтральнай Азіі. Гэта пасьпешная заява Лукашэнкі”.

(Карбалевіч: ) “Калі АДКБ накіраваная супраць небясьпекі, якая можа пагражаць яе сябрам з Усходу і Поўдня, то ці ёсьць Беларусі такая небясьпека з гэтых кірункаў?”

(Краўчанка: ) “Кірунак дзейнасьці АДКБ ня зводзіцца толькі да Цэнтральнай Азіі. Ёсьць паўднёвы, заходні і іншыя кірункі. Я б сёньня паставіў пытаньне ў іншым сэнсе. У Канстытуцыі Беларусі запісана, што яна імкнецца да бязьядзернага стутусу. І Беларусь рэалізавала гэтае палажэньне 26 лістапада 1996 году.

Але ёсьць артыкул, які прадугледжвае пераход да нэўтралітэту Беларусі. Гэта мэта, якая не рэалізаваная. Я лічу, што пад узьдзеяньнем новых міжнародных рэаліяў, гэтую норму Канстытуцыі трэба пераглядаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, саміт у Душанбэ засьведчыў, што ў разьвіцьці постсавецкай інтэграцыі існуюць сур’ёзныя праблемы. Асабліва відавочны крызыс эканамічнай інтэграцыі. Таму ўзьнікае неабходнасьць Беларусі рабіць нейкія новя крокі, пераносіць акцэнты і ў кірунку інтэграцыі на Ўсходзе, і ў кірунку Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG