Супрацоўнiкi праваахоўчых органаў перашкаджаюць правядзеньню гэтай агiтацыйнай кампанii i спрабуюць давесьцi яе ўдзельнiкам, што тыя парушаюць закон. Нягледзячы на непрыхаваныя пагрозы i запалохваньнi з боку мiлiцыянтаў, ў берасьцейскiм штабе Ўладзiмера Ганчарыка заяўляюць, што будуць весьцi агiтацыю за гэтага кандыдата да апошняга дазволенага заканадаўствам тэрмiну.
Кiраўнiк берасьцейскага штабу Мiкалай Коўш таксама паведамiў, што атрымаў адказ з Цэнтрвыбаркаму на сваю заяву. Яна тычылася асьвятленьня перадвыбарчай кампанii на Беларускiм тэлебачаньнi. У сваiм адказе старшыня Цэнтарвыбаркаму Лiдзiя Ярмошына сьцьвярджае, што фактаў iлжы i паклёпу на адрас каго-небудзь з кандыдатаў у прэзыдэнты ня выяўлена, а крытыка iхнай палiтычнай пазыцыi не падпадае пад гэтую катэгорыю. Аўтары тэлевiзiйных праграмаў, паведамляе спадарыня Ярмошына, маюць права на ўласныя погляды i гэта ня ёсьць падставай для цэнзуры.
Тым часам 2 верасьня ў Берасьцi ледзь ня быў сарваны канцэрт менскiх рок-гуртоў "N.R.M." i "Нейродюбель". Акрамя мiлiцыянтаў для аховы парадку ўлады выклiкалi дэсантнiкаў з 38-й мабiльнай брыгады, якiя абшуквалi ўсiх, хто прыйшоў на канцэрт. Калi ў гледачоў знаходзiлi агiтацыйную прадукцыю мабiлiзацыйнай кампанii "Выбiрай!" альбо налепкi арганiзацыi "Зубар", людзей адразу затрымлiвалi i адвозiлi ў мiлiцэйскi пастарунак. Там апынулiся некалькi "зуброў" i актывiст "Маладога Фронту" Алесь Ушакоў, на якога склалi пратакол з наступным абвiнавачаньнем (цытую): "Выказваў свае палiтычныя погляды шляхам расклейваньня агiтацыйнай прадукцыi, што ня мела выходных дадзеных".
У вынiку канцэрт распачаўся са спазьненьнем, а пасьля 20-й гадзiны гледачы ўвогуле не трапiлi ў залю.