Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ АДБЫВАЕЦЦА АГІТАЦЫЯ ЗА ГАНЧАРЫКА?


Ганна Соусь, Менск

Сёньня каля станцыі мэтро "Інстытут культуры" валанцёры ў сініх футболках з надпісам "Выбірай адзінага" агітавалі за Ўладзімера Ганчарыка. Да таго ж яны раздавалі мінакам спэцвыпуск газэты "День", прысьвечаны зьніклым палітыкам і "эскадронам сьмерці".

Агітацыя ішла даволі актыўна. Да стэнду з партрэтам адзінага кандыдата падыходзілі людзі, цікавіліся ягонай праграмай, выказвалі сваё стаўленьне да кандыдатаў на прэзыдэнта.

(Спадар: ) "Канечне, я хацеў бы, каб Домаш быў. Але калі Ганчарык, то будзем за Ганчарыка галасаваць".

(Карэспандэнтка: ) "Чаму?"

(Спадар: ) "Як чаму, мне ж тут жыць. Трэба мяняць уладу. Які б ні быў Лукашэнка — добры, ці благі, але 12 гадоў — гэта зашмат".

(Маладая спадарыня: ) "Толькі не за яго, не за Лукашэнку..."

(Спадарыня: ) "Ганчарык — адзіны кандыдат ад апазыцыі, таму будзем за яго галасаваць".

(Маладая спадарыня: ) "Трэба мяняць уладу. Зажраўся наш прэзыдэнт".

Сярод тых, хто падыходзіў да агітацыйнага стэнду, было багата прыхільнікаў Уладзімера Ганчарыка.

(Фаіна: ) "За Ганчарыка. Падабаецца ён мне. Буду за яго, і ўся мая сям'я будзе".

(Уладзімер: ) "Гэты чалавек сапраўды вельмі пэрспэктыўны, працаздольны. Галоўнае, што яго падтрымліваюць многія людзі. Я мяркую, што Ганчарык будзе змагацца за тое, каб людзям лягчэй жылося".

(Валянціна: ) "За Ганчарыка буду галасаваць, таму што многа чула пра яго, пра ягоныя погляды на кіраўніцтва нашай краінай, таму буду за яго".

Раённы тэхноляг перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Аляксей Букчын пэўным чынам падсумоўвае вынікі агітацыі.

(Букчын: ) "Асноўныя пытаньні адны й тыя ж: "Што ён нам зрабіў? Што зробіць?" Але ёсьць вельмі добрая тэндэнцыя. Калі напачатку збору подпісаў нашага кандыдата Ганчарыка ведалі дзесьці 2-3%, то зараз па Менску мы ўжо нават перамагаем Лукашэнку. Агітацыя яшчэ ня скончаная, і гэтая тэндэнцыя таксама".

Агітацыя праходзіла даволі мірна. Часам пачыналіся дыскусіі. Бывала, што й прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі спрабавалі данесьці свае ідэі да агітоўшчыкаў. Гаворыць пэнсіянэрка спадарыня Раіса:

(Раіса: ) "Я буду за Лукашэнку галасаваць. Я баюся апазыцыі. Баюся, што яны наламаюць дроў. І я ня веру, што людзі зьнікаюць. Людзі ў нас не зьнікаюць. Гэта нейкая мана, правакацыя".

Да пікетоўцаў падыходзілі людзі з самымі рознымі мэтамі. Прыкладам, настаўніца Галіна хацела атрымаць праграму Ўладзімера Ганчарыка.

(Галіна: ) "Хачу атрымаць інфармацыю пра праграму кандыдата. Я ўжо ведаю, што буду галасаваць за Ўладзімера Ганчарыка, але суседзям раздаю. Я б хацела галасаваць за Домаша, але калі ўжо так дамовіліся, што будзе Ўладзімер Ганчарык, дык... Мне ўласна кажучы, больш сымпатычны Домаш. Ён больш радыкальна праводзіў бы рэформы".

А студэнт Мікола хоча стаць назіральнікам на выбарах:

(Мікола: ) "Проста не хачу заставацца ўбаку ад усяго гэтага, што адбываецца. Проста хачу, каб маё сумленьне было чыстае".

Большасьць валанцёраў, што агітуюць за Ўладзімера Ганчарыка — маладыя людзі. Яны ўзяліся за гэтую справу, бо хочуць пераменаў у краіне, як, прыкладам, Зьміцер Тарасевіч:

(Тарасевіч: ) "Падабаецца мне так працаваць. Хачацца выбраць нармальнага прэзыдэнта".

Адметна, што актывістаў іншых перадвыбарчых штабоў — Аляксандра Лукашэнкі й Сяргея Гайдукевіча — на менскіх вуліцах пакуль ня бачна.


XS
SM
MD
LG