(Генадзь Угляніца: ) "Сёньня 25 жніўня 2001 году. Зараз мы хочам зрабіць заяву для прэсы, тэлебачаньня, для ўсіх грамадзян рэспублікі і для ўсіх, да каго яна патрапіць.
Я супрацоўнік аддзелу па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам Менскага ўпраўленьня КГБ Угляніца Генадзь. Гэты крок прадыктаваны шэрагам абставінаў, у сувязі зь якімі склалася сытуацыя, калі толькі абнародаваньне зьвестак, якімі мы зараз валодаем, можа гарантаваць бясьпеку нашу і нашых блізкіх.
Заява датычыць зьнікненьня ў 1999 годзе двух людзей — Ганчара і Красоўскага. У той час усе газэты стракацелі фотаздымкамі зьніклых; спэцслужбы, міліцыя, МУС — усе былі пастаўленыя на ногі, вялі пошук. Празь некалькі месяцаў пошук практычна спыніўся. Усе задаволіліся тым, што людзі зьніклі бясьсьледна, і канцоў знайсьці нельга.
Але так меркавалі ня ўсе. Людзі, якія лічаць за свой абавязак даведацца праўду пра зьніклых, працягнулі працу па іхным пошуку. Пра гэта лепш, відаць, скажа Андрэй".
(Андрэй Жарнасек: ) "Я Жарнасек Андрэй Міхайлавіч. Пасьля таго, як зьніклі людзі, мы пачалі сваё паралельнае расьсьледаваньне, скажам так. Выкарыстоўвалі разнастайныя мерапрыемствы, якія маглі самі прыдумаць. Урэшце мы выйшлі на сьведак. Мы выйшлі на сьведак канкрэтна па гэтым злачынстве.
Тут мы маем фотаздымак, і першы вось адсюль (паказвае на фотаздымку) зьяўляецца непасрэдным сьведкам усіх гэтых справаў. Прозьвішча ягонае Мяцельскі, завуць яго Віталь. Побач зь ім, на "Аўды" вярхом, з нумарам у руцэ, сядзіць непасрэдны ўдзельнік гэтай справы, ягонае прозьвішча Мекіянец, завуць яго Аляксандар. Зьнізу машына — гэта тая машына, што ўдзельнічала ў гэтай справе.
Далей. Вось у гэтай кніжцы таксама ёсьць фігуранты па гэтай справе. На агульнай фатаграфіі — мо тут кепскавата будзе відаць, але тут кропкамі пазначаныя — во гэта во стаіць Наватарскі Ўладзімер, які зьяўляўся кіраўніком групы захопу. А гэта вось, кропка зьверху, — гэта Юры Гуцько, які таксама зьяўляўся непасрэдным удзельнікам гэтай справы. А фотаздымак асноўнага фігуранта і твар асноўнага фігуранта — Паўлічэнкі, я думаю, вы бачылі ўсе. Ён здымаецца ў рэкляме пра войскі — купаецца там у палонцы і адчувае сябе нармальна.
На жаль, фотаздымкаў двух астатніх фігурантаў па справе — гэта лейтэнант Куклін і прапаршчык Мурашка — пакуль дастаць не ўдалося, але думаю, што гэтая заява падштурхне ўсё ж і праваахоўчыя органы, і прэсу (найперш прэсу, таму што нашы праваахоўчыя органы чамусьці аказаліся ў баку ад гэтай справы — найхутчэй, на загад зьверху) падштурхне знайсьці гэтых людзей, знайсьці і дапытаць — і закончыць тое, што мы пачалі.
Нам стала вядома, што ў 1999 годзе ў верасьні група выехала на двух машынах з часткі вечарам. Захапілі ў Менску двух людзей, пасадзілі за руль гэтага Мекіянца, закінулі людзей у гэтыя машыны і паехалі на базу ў Бягомлі. Значыць, у раёне гадзіны начы яны прыехалі на гэтую базу. Не даяжджаючы да базы, зьвярнулі направа, на прасёлкавую дарогу, застрэлілі Ганчара і Красоўскага. Пасьля гэтага машыну "Джып" схавалі ў лесе, пасьля гэтага вярнуліся ў частку, паставілі машыну і пайшлі вячэраць як нічога ніякага.
На наступны дзень салдатаў роты паднялі пасьля сьняданку і адправілі капаць яму на паласу перашкодаў. Вось тут касэта з стужкай паласы перашкодаў, і гэтая яма тут фігуруе. Яны выкапалі яму, скінулі туды машыну, па папярэдняй інфармацыі, там жа знаходзяцца трупы — ці пад машынай, ці ў самой машыне. Раздавілі БТРам, засыпалі зямлёй, адносна замаскіравалі месца.
Я спачуваю глыбока жонкам Ганчара і Красоўскага, сваякам і дзецям. Іхныя мужы, бацькі і дзеці ўжо ніколі ня вернуцца.
Падчас працы па гэтым пытаньні было выкарыстанае спэцабсталяваньне для захаваньня, скажам так, уласнай бясьпекі. Туды ўваходзілі: прылады начного бачаньня, маскавальныя касьцюмы, а таксама мэталадэтэктар спэцыяльны, які рэагуе на мэтал, асабліва аўтамабілі, буйныя мэталічныя прадметы, амэрыканскай фірмы "Фішэр", называецца "JNE3" (?), таксама былі выкарыстаныя чатыры радыёстанцыі. Гэтыя ўсе рэчы былі пры пэўных абставінах канфіскаваныя міліцыяй, і ў даны мамэнт яны знаходзіліся ў Партызанскім РАУС. Супрацоўнікі РАУС могуць гэта пацьвердзіць.
Пасьля таго, як мы прыйшлі на паласу, мы яе абсьледавалі пры дапамозе мэталадэтэктара. Дасьледавалі ўсю паласу, разам зь ямай. Толькі ў яме мэталадэтэктар паказаў — значыць, калі стаяць да яе тварам з боку паласы, з правага боку (там бачна, як абарваны край ямы — відаць, што заяжджаў БТР), менавіта ў гэтай яме парадку 33,40 мэтра на 1,6–1,8 выразна адбіваецца магнітная анамалія на жалеза. Пасьля гэтага там правялі два шурфы, раскопы — у выніку мы на глыбіні каля 2 мэтраў натрапілі на мэтал. Больш там ніхто капаць ня стаў, бо частка гэтая была побач. Частка знаходзіцца ў літаральна 200 мэтрах ад гэтай паласы. Пад'езд да паласы, усё там ёсьць. Вось такая справа".
(Угляніца: ) "Па гэтым пытаньні, калі ў каго паўстаюць якія сумненьні, — я асабіста ўдзельнічаў у апытаньні сьведкі па справе. Мы зь ім размаўлялі ня раз, але толькі недзе з трэцяй–чацьвертай размовы ён даў нам поўныя сьведчаньні, якія датычыліся ўсіх абставінаў гэтай справы.
Калі некаму будзе цяжка яго адшукаць, то жыве ён у Барысаве. Ён былы кіроўца, служыў у частцы 32/14, у верасьні праходзіў службу ў СОБРы, у Паўлічэнкі. Некалькі разоў вазіў яго на машыне асабіста. Цяпер прайшло ўжо, відаць паўтары тыдні, як сьведка схаваўся. Нягледзячы на тое, што яму абяцалі гарантаваць бясьпеку, ён не паверыў — як і многія, відаць, людзі, што маюць дачыненьне да гэтай справы ці штосьці ведаюць, — яны баяцца і хаваюцца, ці маўчаць.
Што да абсьледаваньня часткі, то ўсе зьвесткі, што паведаміў сьведка, яны пацьвердзіліся. Складзены ім плян часткі, складзены ім плян паласы, ягонае месцазнаходжаньне ў той дзень, і ўсе іншыя дэталі супадаюць. Мы абсьледавалі, і я асабіста ўдзельнічаў у абсьледаваньні паласы перашкодаў. Цяпер яна выглядае гэтак, што больш як год там ніхто нічым не займаецца. Чаму яе закінулі — незразумела. СОБР дагэтуль дысьлякуецца ў частцы пад Бягомлем".
(Жарнасек: ) "Сама яма на паласе — яна ўвогуле знаходзіцца збоку ад паласы. Гэтыя перашкоды, яны ўсе ідуць проста, а яма знаходзіцца збоку, яна адразу кідаецца ўвочы. Дастаткова было туды залезьці мэталадэтэктарам, і мэталадэтэктар адразу паказаў анамалію".
(Угляніца: ) "Што датычыць зьяўленьня ў прэсе і на тэлебачаньні касэты з запісам асобы невядомай, твар і голас якой зьмененыя, — гэта была першая спроба даць хоць нейкія дадатковыя сьведчаньні па гэтай справе, каб хто-небудзь заварушыўся і пачаў працаваць. Але рэакцыя ўладаў, спэцслужбаў, міліцыі была адназначная — нібыта гэтая касэта сфабрыкаваная і ня мае ніякага дачыненьня да справы зьніклых палітыкаў.
Насамрэч гэта ня так — яна мае самае непасрэднае дачыненьне, і мы гэта пацьвярджаем цяпер перад вамі з адкрытымі тварамі.
Калі браць і разглядаць абставіны, пры якіх мы вырашылі зрабіць гэтую заяву, то, як я ўжо гаварыў спачатку, — гэта забесьпячэньне бясьпекі, бясьпекі сваёй, бясьпекі сьведкі, якога цяпер мусяць, на мой погляд, адшукаць тэрмінова, дапытаць — калі гэтая справа яшчэ не закрытая. А калі яна закрытая, то аднавіць вытворчасьць па справе.
Можна было б скласьці і пісьмовую заяву ў праваабарончыя органы, у пракуратуру. Можа быць, мы так і зробім. Але ня цяпер, а пасьля таго, як апынемся ў бясьпецы.
Тэхніка, якая цяпер знаходзіцца ў Партызанскім РАУС, якую назваў Андрэй, я магу паўтарыць тое самае, што там знаходзіцца, — я сам асабіста прысутнічаў у Партызанскім РАУС, калі гэтую тэхніку забралі.
Дзякуй Богу, што пакуль не дайшло ўсё гэта да людзей, што цікавяцца справамі зьніклых. Да МУС кіраўніцтва, да Рады бясьпекі, да СОБРу — інакш, я думаю, што гэтая прэсавая канфэрэнцыя, калі можна назваць так гэтую заяву, магла б не адбыцца. Хутчэй за ўсё, гэтак і было б. Таму пры гэтых абставінах мы вымушаныя, як я і казаў, прыняць усе меры бясьпекі.
Калі будзе неабходнасьць, калі гэткія меры бясьпекі нам зможа забясьпечыць дзяржава і пакажа свае рэальныя крокі й спробы расьсьледаваць канчаткова гэтую справу, можа быць, мы прыйдзем самі асабіста ў адпаведнае ведамства. Але ўлічваючы палітычную абстаноўку ў краіне і тую сыстэму ўлады, якая цяпер існуе, па-мойму, у блізкі час гэта магчымым ня будзе. Чаго вельмі шкада".
(Жарнасек: ) "Так. Быў просты варыянт дапоўніць сьпіс зьніклых яшчэ двума прозьвішчамі, якіх таксама рупліва шукалі. І спадар Сівакоў, які некалі казаў, што знайсьці Захаранку — гэта справа ягонага гонару, напраўду плаціў грошы за сьмерць і Захаранкі, і Ганчара, і Красоўскага.
Сьведка можа расказаць, як перадавалі капэрты з грашыма на маральнае заспакаеньне людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе. Пра тое, як гэтыя людзі куплялі сабе за гэтыя крывавыя грошы дублёнкі, відэатэхніку, зьбіралі на машыны — і адчувалі сябе нармальна. Хай сваякі пацікавяцца, адкуль у салдатаў тэрміновай служы, ды нават звыштэрміновай, добрыя грошы — адкуль яны іх узялі? Хто ім і за што заплаціў?"
(Угляніца: ) "Каб не стваралася ўражаньня, што мы гэта ўсё прыдумалі, крыху пазьней мы зможам даць запісы размоваў са сьведкам, якія мы праводзілі і ў якіх адлюстраваныя ўсе абставіны здарэньня, што адбылося ў верасьні 1999 году ў частцы пад Бягомлем".