Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС НЕ ПУСЬЦІЛА Ў КРАІНУ ДВУХ ПРАДСТАЎНІКОЎ БДІПЧ АБСЭ, АЛЕ НЕ ЗАЎВАЖАЕ ДВУХ РАСЕЙСКІХ ПАРУШАЛЬНІКАЎ ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ — ЗЮГАНАВА Й ЖЫРЫНОЎСКАГА


Юры Сьвірко, Менск

На папярэднім брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка абвесьціў, што ўжо ў жніўні Беларусь наведае лібійскі кіраўнік Муамар Кадафі. Аднак сёньня, праз тыдзень, спадар Латушка сказаў, што тэрмін візыту ўзгадняецца. Мажліва, лібійскі лідэр прыедзе ў верасьні, а можа, й пазьней.

На пытаньне, што здарылася з плянамі спадара Кадафі наведаць Менск, начальнік управы інфармацыі МЗС адказаў так: "Гэта нармальная дыпляматычная практыка, калі існуюць абставіны як двухбаковага, гэтак і аднабаковага характару, у выніку якіх пераносіцца візыт".

Але, паводле Паўла Латушкі, напрыканцы жніўня адбудуцца іншыя візыты — у Беларусь прыедуць прэм'ер-міністар Малдовы, віцэ-прэм'ер Лаосу й генэральны дырэктар МАГАТЭ — Міжнароднага агенцтва атамнае энэргетыкі.

Дыпляматычнае ведамства чакае й прыезду на прэзыдэнцкія выбары шматлікіх замежных журналістаў.

(Латушка: ) "На сёньняшні дзень падалі заяўкі ў Міністэрства замежных справаў Беларусі на часовую акрэдытацыю для асьвятленьня маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў больш за 350 замежных журналістаў. Але гэта лічба штодзень павялічваецца".

Павал Латушка паведаміў таксама, што ў Беларусь прыехалі ўжо больш як 230 міжнародных назіральнікаў. Двум назіральнікам ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, грамадзянам ЗША й Вялікабрытаніі, афіцыйны Менск адмовіў у беларускіх візах. Сёньня спадар Латушка патлумачыў гэтую адмову.

(Латушка: ) "Рэспубліка Беларусь, як і любая іншая краіна, мае сьпіс асобаў, якім уезд на тэрыторыю Беларусі закрыты. Мы прапанавалі БДІПЧ АБСЭ замяніць згаданых асобаў, якім і будуць выдадзеныя адпаведныя візы. Хацеў бы падкрэсьліць, што адмова ў выдачы візаў згаданым асобам не зьвязаная зь іхнай дзейнасьцю ў якасьці сяброў місіі БДІПЧ АБСЭ".

Я папрасіў спадара Латушку пракамэнтаваць відавочнае парушэньне артыкулу 46 Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае, што "замежныя грамадзяне ня маюць права браць удзелу ў агітацыі", з боку двух сяброў расейскае Дзярждумы — Генадзя Зюганава і Ўладзімера Жырыноўскага.

Павал Латушка адмовіўся даць афіцыйную ацэнку дзейнасьці гэтых двух грамадзянаў Расеі. Хаця спадар Зюганаў агітаваў за Аляксандра Лукашэнку на Беларускім тэлебачаньні нават у час, які афіцыйна далі Ўладзімеру Ганчарыку, а спадар Жырыноўскі сёньня публічна заявіў, што прыехаў у Менск "з самымі добрымі намерамі — выказаць самыя добрыя пачуцьці беларускаму народу й прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку". Расейскі лібэрал-дэмакрат дадаў, што заўжды падае спадара Лукашэнку як прыклад.

XS
SM
MD
LG