Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі правоў чалавека Аран Роўдз напачатку сустрэчы з журналістамі падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі:
(Роўдз: ) "Тое, што мы тут пабачылі, не выглядае на нармальную перадвыбарчую кампанію. Гэта высілкі ўладаў для таго, каб не было справядлівых выбараў. Ёсьць розныя бюракратычныя мэханізмы, якія могуць даць выканаўчай уладзе магчымасьць кантраляваць вынікі выбараў.
Ствараецца такое ўражаньне, што прэзыдэнт Беларусі баіцца дэмакратыі. Лукашэнка, паводле ягоных выказваньняў, чакае, што дзяржаўны апарат будзе забясьпечваць ягонае пераабраньне. Гэта супярэчыць як міжнародным законам, так і нацыянальным законам".
Аран Роўдз іранічна назваў практыку датэрміновага галасаваньня "старой добрай беларускай традыцыяй". Паводле ягоных словаў, менавіта датэрміновае галасаваньне дазваляе сфальсыфікаваць вынікі выбараў:
(Роўдз: ) "Ужо цяпер можна чакаць, што шмат людзей прагаласуе датэрмінова. Датэрміновае галасаваньне як такое не вядзе да парушэньня закону. Але гэтая сыстэма, як яна існуе сёньня ў Беларусі, не забясьпечыць празрыстасьці выбарчага працэсу. У нас ёсьць нават інфармацыя пра тое, што надрукуюць дадатковую колькасьць бюлетэняў. Магчыма, гэта робіцца, каб у адзін момант падмяніць сапраўдныя бюлетэні, у якіх прагаласуюць выбарцы".
Ня меншую за датэрміновае галасаваньне заклапочанасьць у выканаўчага дырэктара Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі правоў чалавека выклікае асьвятленьне прэзыдэнцкай кампаніі ў дзяржаўных мэдыях.
(Роўдз: ) "Што да таго, якім чынам дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць прэзыдэнцкую кампанію, то мне гэта нагадвае Туркмэністан. Паводле зьвестак лябараторыі "Новак", перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі на нацыянальным тэлебачаньні за апошнія 3 тыдні было прысьвечана 4 гадзіны, а кампаніям астатніх кандыдатаў разам — 26 хвілінаў.
Вашыя нацыянальныя тэлебачаньне і радыё ўтрымліваюцца на сродкі падаткаплатнікаў, але яны не зьяўляюцца нэўтральнымі. Мы зьвяртаемся да ўладаў з патрабаваньнем даць выбарцам усебаковую інфармацыю і спыніць незаконную прапагандысцкую кампанію".
Але гэтыя просьбы, таксама як і супольныя зь беларускімі праваабарончымі арганізацыямі патрабаваньні прысутнічаць падчас падліку галасоў і ўдзельнічаць у плямбаваньні і ўскрыцьці скрыняў, выбарчыя камісіі адхілілі — не патлумачыўшы прычынаў.