Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ БДІПЧ НЕ АТРЫМАЛІ ПАКУЛЬ ВІЗАЎ ДЛЯ ЎЕЗДУ Ў БЕЛАРУСЬ


Максім Лукашэвіч, Прага

(Карэспандэнт: ) “Ці атрымалі ўжо візы прадстаўнікі БДІПЧ?”

(Бальян: ) “Не. Той факт, што вы знайшлі мяне на месцы, сьведчыць пра гэта, інакш я быў бы ўжо ў дарозе.”

(Карэспандэнт: ) “А што вам паабяцалі ў амбасадзе?”

(Бальян: ) “Кожны дзень на працягу апошніх двух тыдняў нам гавораць – раней пра запросіны, а цяпер пра візы: “Можа сёньня, можа заўтра”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы рэагуеце на сёньняшнюю заяву МЗС Беларусі? “

(Бальян: ) “Пры ўсёй павазе да МЗС, літаральна кожны пункт гэтай заявы не адпавядае сапраўднасьці. Перадусім на БДІПЧ ніхто ня цісьне з тым, каб Бюро казала тое, чаго няма на самой справе, чаго б ня бачыла само Бюро. Мы самі вырашаем, што зьяўляецца фактам, а што не. І з фактаў, якія мы назіралі летась, і з фактаў, якія будзем назіраць сёлета, мы самі робім высновы. Ніхто на нас ня цісьне, каб мы надавалі гэтым фактам іншые адценьне, мы катэгарычна абвяргаем гэтыя абвінавачаньні.

Па-другое, мы таксама абвяргаем абвінавачаньні, што БДІПЧ парушыла дзейныя правілы АБСЭ тым, што летась накіравала абмежаваную тэхнічную місію. Мы былі на месцы, хаця й не з паўнамаштабнай назіральнай місіяй – на гэта былі вельмі дакладныя прычыны, якія мы тлумачылі беларускаму боку аж да нудоты. Мы аргумэнтавалі нашую пазыцыю і, шчыра кажучы, я ня буду ўступаць у тыя ж дыскусіі, якія мы вялі летась. Наша праца цяпер – ацаніць прэзыдэнцкія выбары”.

(Карэспандэнт: ) “Тым ня менш, у гэтай заяве ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць БДІПЧ наогул.”

(Бальян: ) “Слухайце, БДІПЧ ужо назіраў за 104 выбарамі. 9 верасьня, калі нам дадуць магчымасьць назіраць, гэта будзе 105-е назіраньне ад часу нашага існаваньне. І кожны раз мы даказваем, што мы здольныя бачыць факты такімі, якія яны ёсьць і рабіць высновы на падставе гэтых фактаў, ці былі выбары дэмакратычнымі і ці адпавядалі яны патрабаваньням АБСЭ. Гэта было даказана ўжо не аднойчы, і калі некаму не падабаюцца нашыя высновы, яны нас абвінавачваюць у неаб’ектыўнасьці. Нічога новага ў гэтым няма”.

(Карэспандэнт: ) “А ў выпадках зь якімі яшчэ краінамі бывала падобнае?”

(Бальян: ) “Напрыклад, Мілошавіч летась абвінавачваў нас у прадузятасьці і палітычнай матываванасьці пад ціскам ЗША і НАТА. Некаторыя з цэнтральнаазіяцкіх краінаў абвінавачвалі нас у прадузятасьці, калі мы знаходзілі, што іхныя выбары былі цалкам недэмакратычнымі. Я магу ўзгадаць і іншыя краіны.

Аднак, ёсьць шмат іншых выпадкаў, калі краіны разглядалі нашы рэкамэндацыі і потым пацьвярджалі, што мы маем рацыю, і запрашалі нас да супрацоўніцтва, каб палепшыць выбарчае заканадаўства такім чынам, каб наступныя выбары яны маглі правесьці лепш. Добрыя прыклады гэтага – Харватыя, Сэрбія. Мы зь імі супрацоўнічалі і працягваем супрацоўнічаць. І шэраг іншых краінаў канструктыўна ўспрымалі нашую крытыку, якая не зьяўляецца палітычна матываванай, і спрабавалі выкарыстаць заўвагі дзеля паляпшэньня свайго заканадаўства.

Мы спрабавалі зрабіць тое ж і зь беларускімі ўладамі, аднак нас адкідаюць”.
XS
SM
MD
LG