Раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што паколькі больш за 100 тысяч подпісаў змаглі здаць толькі чатыры прэтэндэнты, рэгістрацыя кандыдатаў магчымая 8–9 жніўня. Аднак ўрэшце вырашылі рэгістрацыю правесьці ў апошні магчымы тэрмін — 14 жніўня. Гэта зьмяншае тэрмін на агітацыю. Лідзія Ярмошына тлумачыць гэткае рашэньне:
(Ярмошына: ) "Адцягваем не таму, што гэта робіцца наўмысна. Прэтэндэнты падалі дэклярацыі на сябе і блізкіх родзічаў вельмі позна, апошняя была прадастаўленая ў мінулую пятніцу. І толькі ў гэты панядзелак нашыя супрацоўнікі змаглі перадаць гэтыя дэклярацыі для праверкі ў розныя ведамствы: МУС, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Камітэт зямельных рэсурсаў, Міністэрства юстыцыі, Падатковы камітэт і іншыя — усяго там, па-мойму, 9 органаў".
Пры гэтым Лідзія Ярмошына прызналася, што ў Цэнтарвыбаркаме ўлічвалі і пэўныя прымхі:
(Ярмошына: ) "Цалкам магчыма, што гэта можна было б правесьці й 13 жніўня, але вы ведаеце, я лічу, што панядзелак 13 жніўня, — гэта нават у вас выклікала б рэакцыю — прынамсі жартаўлівую".
Такім чынам, 14 жніўня ў залі для прыёмаў Палацу Рэспублікі адбудзецца паседжаньне ЦВК у справе рэгістрацыі кандыдатаў, пасьля чаго распачнецца агітацыя. Кожны кандыдыт у прэзыдэнты атрымае на яе зь бюджэту па 2300 мінімальных заработных плат, што складае каля 14 тысяч даляраў.
Лідзія Ярмошына лічыць, што праблемаў з подпісамі ў прэтэндэнтаў ужо ня будзе, бо тэрытарыяльныя камісіі ў гэтай чацьвёркі забракавалі значна менш чым 15% подпісаў. Дэклярацыі кандыдатаў будуць апублікаваныя да 24 жніўня.
Старшыня ЦВК пацьвердзіла, што ў Магілёўскім псыханэўралагічным дыспансэры зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку, але зазначыла, што падпісаліся там усяго 16 людзей сталага веку, якія не пазбаўленыя выбарчага права, а знаходзяцца ў дыспансэры, бо ім проста няма дзе жыць.
Лідзія Ярмошына зазначыла, што паводле яе інфармацыі, назіральнікаў ад АБСЭ і БДІПЧ на прэзыдэнцкія выбары запросяць сёньня ці заўтра, але яна лічыць, што ўнутраныя назіральнікі значна больш падрыхтаваныя і агрэсіўныя, чым замежныя. Увогуле, старшыні ЦВК вельмі не падабаецца, што некаторыя палітыкі і СМІ ўжо цяпер гавораць пра тое, што рыхтуецца фальсыфікацыя выбараў, на што яна і паскардзілася ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам.
(Ярмошына: ) "Мне ніхто не пагражаў, мне няма за што пагражаць, я не плакалася — не дачакаецеся. Гэта вырваўся крык душы, калі я без канца чытаю пра сябе і галоўным чынам ня толькі пра сябе, а пра самых сумленных людзей, лепшых нашых грамадзянаў, якія ўвайшлі ў склад выбарчых камісіяў, якіх з самага пачатку апрыёры вызначаюць як фальсыфікатараў", — сказала Лідзія Ярмошына.
Разам з тым яна не расцаніла як парушэньне агітацыю А.Лукашэнкі за сябе да рэгістрацыі і, у прыватнасьці, заяву пра тое, што ягоную выбарчую кампанію праводзіць выканаўчая вэртыкаль. Гэта "проста агаворка спадара Лукашэнкі", — зазначыла яна.