Кіраўнік Лукашэнкавай ініцыятыўнае групы Мікалай Чаргінец яшчэ ўчора ў інтэрвію "Інтэрфаксу" падвёў вынікі збору подпісаў, прычым ня толькі за Аляксандра Лукашэнку, але й за трох іншых рэальных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду — спадароў Гайдукевіча, Ганчарыка й Домаша.
Паводле зьвестак спадара Чаргінца, за лідэра прафсаюзаў Беларусі Ўладзімера Ганчарыка ў ЦВК здалі 123 тысячы подпісаў, а праверылі больш як 24 тысячы. Зь іх прызналі несапраўднымі 1354 подпісы, альбо 5%. Сапраўднымі, паводле інфармацыі Чаргінца, на карысьць Ганчарыка залічылі 121 тысячу подпісаў.
За экс-кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Сямёна Домаша здалі 161 тысячу подпісаў, праверылі 35 тысяч, прызналі несапраўднымі 851 подпіс, альбо 2,4%, таму здадзенымі лічацца 160 тысяч подпісаў.
За лідэра лібэрал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча, паводле кіраўніка Лукашэнкавага штабу, здалі 136 тысяч подпісаў, праверылі 28 тысяч, а несапраўднымі прызналі 1421 подпіс, ці тыя ж 5%, што ў спадара Ганчарыка. Спадару Гайдукевічу залічылі 133 тысячы подпісаў.
Мікалай Чаргінец заявіў, што самы нізкі адсотак забракаваных подпісаў сярод усіх прэтэндэнтаў мае Аляксандар Лукашэнка — 0,66% подпісаў у ягоную падтрымку прызналі несапраўднымі. Усяго за Лукашэнку здалі 396 тысячаў подпісаў, зь іх былі правераныя 84 тысячы.
Паводле спадара Чаргінца, "за Алякандра Лукашэнку лічацца прынятымі 395 тысяч подпісаў".
Дык ці зарэгістраваў гэтыя подпісы Цэнтарвыбаркам, які сёньня ўвогуле не разглядаў вынікаў збору подпісаў за спадароў Гайдукевіча, Ганчарыка, Домаша й Лукашэнку? І адкуль узяў гэтыя лічбы спадар Чаргінец?
Вось як адказала на гэтае пытаньне старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:
(Ярмошына: ) "Па-першае, гэта нічога не зарэгістравана. Па-другое, калі ён зьвяртаўся да нашых прадстаўнікоў — уласна кажучы, гэтыя зьвесткі лёгка можна падлічыць самому. Абласныя камісіі ладзілі паседжаньні ва ўсіх 7 рэгіёнах, падвялі вынікі — ён палічыў, падбіў".
Лідзія Ярмошына таксама пракамэнтавала паведамленьне Мікалая Чаргінца пра тое, што "ўрачыстая рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта адбудзецца 14 жніўня ў Палацы Рэспублікі".
(Ярмошына: ) "Так, я пацьвярджаю, што 14 жніўня, і ўсе кандыдаты на прэзыдэнта туды будуць запрошаныя".
(Карэспандэнт: ) "А хто гэта вырашыў?"
(Ярмошына: ) "Цэнтральная камісія... Ну, гэта ж ня трэба прымаць рашэньне — старшыня Цэнтральнае камісіі прымае рашэньне пра залю, як я прымаю аб гэтым памяшканьні".
Паводле ейных словаў, паседжаньне Цэнтарвыбаркаму з урачыстай рэгістрацыяй кандыдатаў на прэзыдэнта пачнецца ў аўторак, 14 жніўня, а 10-й гадзіне раніцы, а сьпіс прысутных журналістаў будуць узгадняць з Лукашэнкавай службай аховы.
Дарэчы, сёньня Лідзія Ярмошына ўпершыню зьявілася на публіцы з двума ахоўнікамі, якія цяпер ходзяць зь ёй нават па Доме ўраду, дзе месьціцца Цэнтарвыбаркам.