Гэта каманды Міхала Чыгіра, Леаніда Калугіна, Леаніда Сініцына, Сяргея Калякіна, Аляксандра Ярашука й Міхала Марыніча. Напрыклад, Міхал Чыгір сьцьвярджае, што ягоная каманда сабрала 102,3 тысячы подпісаў.
(Чыгір: ) "Паводле нашых дадзеных, мы неабходную колькасьць галасоў сабралі. А ЦВК, з-за таго, што зьбірае інфармацыю крыху пазьней за нас, пакуль што такой інфармацыяй не валодае. Але я думаю, бліжэйшым часам яны пацьвердзяць, што ініцыятыўная група Чыгіра неабходную колькасьць сабрала".
(Цыганкоў: ) "Быў такі канфлікт у пятніцу, калі некаторыя мясцовыя выбаркамы па абедзе не рэгістравалі вашыя подпісы. Цяпер гэта ўладжана?"
(Чыгір: ) "Уладжваецца. У Брэсцкую вобласьць паехалі прадстаўнікі ЦВК. Наогул не регістравалі ў пятніцу подпісы. У нас ёсьць афіцыйная заява, што па Гомельшчыне 2 тысячы подпісаў ня здадзена, бо іх не прынялі. Але выехаў туды сябра ЦВК, і я думаю, гэта будзе вырашана".
Міхал Чыгір кажа, што на сёньняшні момант у ягонай каманды нармальныя працоўныя стасункі з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, якая нават ідзе насустрач. Былы прэм'ер спадзяецца, што пасьля зьняцьця ўсіх пытаньняў 102 тысячы подпісаў, сабраных ягонай ініцыятыўнай групаю, апынуцца ў ЦВК.
Іншы прадстаўнік "пяцёркі", лідэр партыі камуністаў Сяргей Калякін таксама паведаміў, што паводле зьвестак ягонай ініцыятыўнай групы, каманда сабрала 100 934 подпісы. Аднак ЦВК паведамляе ў СМІ, што ініцыятыўная група Калякіна не сабрала неабходную для рэгістрацыі колькасьць галасоў. Цяпер каманда лідэра партыі камуністаў падрыхтавала адпаведны ліст на адрэсу Лідзіі Ярмошынай, дзе просіць разабрацца й даць адказ. Пра тое, якія лічбы дае ЦВК, Калякін выказаўся наступным чынам:
(Калякін: ) "Спачатку яны сказалі, што мы сабралі 106 тысячаў, потым —меней ста, потым — 97 475. Але гэта ўсё размова ні аб чым".
Група Калякіна ў сваім лісьце прапануе ЦВК дадзеныя па кожнаму раёну Беларусі. Разам з тым сам Сяргей Калякін не надае вялікага значэньня праблеме сваёй рэгістрацыі.
(Калякін: ) "Ужо ў прынцыпе па вялікім рахунку — мне ўсё роўна. Мы прынялі прынцыповае рашэньне — падтрымаць адзінага кандыдата Ганчарыка. Учора партыя ўхваліла маё рашэньне. І цяпер сабраў я подпісы ці не — гэта другасна".
Бадай, найбольш рэзка пра дзейнасьць беларускае Цэнтральнае выбарчае камісіі выказаўся Міхал Марыніч, які сьцьвярджае, што ягоная група сабрала 110 тысячаў подпісаў.
(Марыніч: ) "Сьвядома даюць у эфір, грамадзкасьці заніжаныя лічбы, каб дыскрэдытаваць кандыдатаў і паказаць, што кандыдаты, якія прэтэндуюць на вышэйшую пасаду, ня могуць сабраць тую колькасьць галасоў, якая патрэбная".
Марыніч прывёў факты, паводле якіх у ЦВК дасюль ня могуць сказаць, колькі ж подпісаў здадзена групаю прэтэндэнта, напрыклад, у некаторых раёнах Менску. Кіраўнік ініцыятыўнае групы Марыніча Леанід Сечка зараз працуе ў ЦВК з мэтаю ўсталяваць ісьціну. Марыніч, зрэшты, як і іншыя прэтэндэнты, упэўнены, што ў выніку неабходныя сто тысячаў подпісаў апынуцца ў распараджэньні Цэнтральнае выбарчае камісіі.