Як паведаміла беларускае МЗС, Злучаныя Штаты ўвялі гандлёвыя санкцыі “рэтраактыўна”, то бок заднім чыслом. Гэтак вырашыў амэрыканскі камітэт у справе выкананьня тэкстыльных пагадненьняў. Паводле Менску, пасьля абмежаваньня экспарту беларускіх шклотканін у ЗША яго аб’ём можа скараціцца на 90%. Я патэлефанаваў у МЗС і спытаўся, колькі мільёнаў даляраў каштаваў гэты аб’ём летась:
(Супрацоўнік МЗС: ) “Больш за паўтара. У нас адзіны экспартэр і адзіны вытворца”.
Гэты адзіны вытворца — прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” (тое самае, чый намесьнік дырэктара па ідэалёгіі Ўладзімер Матвяйчук быў прызначаны старшынём Белтэлерадыёкампаніі). Як паведамлялася раней, камэрцыйны дырэктар гэтага заводу мае непрыемнасьці з праваахоўчымі органамі, а ягоная сакратарка заявіла наступнае:
(Сакратарка: ) “Наш намесьнік камэрцыйнага дырэктара папрасіў даваць такі адказ: па гэтым пытаньні камэнтароў ня можа быць, таму што мы перамовы ня вядзем. З усімі пытаньнямі — у МЗС, калі ласка”.
Тым часам Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ два тыдні будзе чакаць запыты наконт свайго расьсьледаваньня ад зацікаўленых асобаў — маюцца на ўвазе амэрыканцы. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў, што камэнтаваць гэтую абвестку яшчэ рана:
(Савіных: ) “Мажліва, мы па выніках расьсьледаваньня дамо, наадварот, дадатковыя прэфэрэнцыі амэрыканскім кампаніям у гандлі на беларускім рынку. Мы наважаныя правесьці аб’ектыўнае расьсьледаваньне”.
Нагадаю, што з 1 красавіка ЗША ўвялі санкцыі супраць яшчэ аднаго беларускага прадпрыемства — “Белзьнешпрамсэрвіс” за гандаль з Іранам. Гэтыя два крокі Вашынгтон зрабіў неўзабаве пасьля супольнай амэрыканска-эўрапейскай місіі ў Беларусь, калі намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Стывэн Пайфэр заклікаў Менск да хуткіх палітычных зьменаў у пазытыўным напрамку. Калі ж сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі будзе пагаршацца, дык ЗША будуць разглядаць розныя варыянты санкцыяў супраць беларускіх уладаў, а ня супраць народу Беларусі, дадаў спадар Пайфэр. Кіраўніца супольнай місіі з эўрапейскага боку Барбара Джоўнз таксама сказала, што Эўрпапейскі Зьвяз не выключае мажлівасьці ужыць санкцыі супраць Беларусі.
Раней, увосень 2002 году, ЗША ды Эўразьвяз разам уводзілі палітычныя — візавыя — санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва з прычыны фактычнай дэпартацыі ўсіх супрацоўнікаў Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Гэтыя санкцыі былі скасаваныя Эўрапейскім Зьвязам год таму, у красавіку 2003-га. Таксама супольныя візавыя санкцыі прымяняліся Захадам у 1998 годзе, калі амэрыканскага ды эўрапейскіх амбасадараў у Менску высялілі з рэзыдэнцыяў у Драздах.
Што да гандлёвых санкцыяў, дык тры гады таму — 5 красавіка 2001 году — камісія міжнароднага гандлю ЗША праводзіла слуханьні наконт антыдэмпінгавых санкцыяў супраць Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне, які танна прадаваў сталёвую арматуру. Аляксандар Лукашэнка рэагаваў на гэта вельмі рэзка, абяцаючы падараваць як пэнсію тагачаснаму прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану страчаныя Беларусьсю мільёны даляраў. Праўда, да фінансавых стратаў беларускага боку не дайшло.
Што да эўрапейскіх санкцыяў, дык некалькі гадоў ідзе тэкстыльная вайна Менску з Брусэлем. Эўразьвяз таксама пагражае ўжыць антыдэмпінгавыя санкцыі. Нядаўна Эўрапейская камісія распачала расьсьледаваньне парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі, што таксама можа прывесьці да гандлёвых санкцыяў. Польская прэса пісала, што магчымыя санкцыі супраць Беларусі будуць каштаваць Польшчы каля 350 мільёнаў эўра гандлёвых абаротаў штогод.
Свае санкцыі плянуе прапанаваць Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, якая пры канцы красавіка заслухае даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. Чакаецца, што яна прыме рэкамэндацыі для Рады міністраў Рады Эўропы разгледзець санкцыі супраць Беларусі.
Яшчэ ў ліпені 2000 году адбылося скасаваньне гандлёвых перавагаў з боку ЗША для Беларусі. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тадэвуш Контак заявіў тады, што ў 1990 годзе з распадам Савецкага Саюзу Злучаныя Штаты Амэрыкі далучылі ўсе новыя незалежныя дзяржавы да сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў. Але галоўнае патрабаваньне ЗША да ўрадаў новых краінаў было выкананьне дэмакратыі і асноўных правоў чалавека, у тым ліку, працоўнага права. Гэтыя гандлёвыя перавагі выглядалі як ільгота для новых краінаў. Фактычна, урад ЗША дараваў ім свае грошы, не беручы мыты за экспарт тавараў, але патрабаваў за гэта выкананьня асноўных прынцыпаў дэмакратыі. Паводле спадара Контака, санкцыі супраць Беларусі сталі вынікам урадавай палітыкі, якая тармазіла разьвіцьцё незалежных прафсаюзаў, асабліва ў сувязі з сытуацыяй вакол Свабодных прафсаюзаў.