Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЎГАСЫ ПЕРАЎТВАРАЮЦЦА Ў ФЭРМЭРСКІЯ ГАСПАДАРКІ, ДЫРЭКТАРЫ САЎГАСАЎ – У ФЭРМЭРАЎ


Марыя Усьціновіч, Бялыніцкі раён

Саўгас “Эсьмоны” – крызысная гаспадарка, якая працуе са стратамі. Гэтымі днямі падпісваюцца апошнія дакумэнты, якія засьведчаць зьмену формы ўласнасьці. Быў саўгас – стала фэрмэрская гаспадарка. Ня зьменіцца толькі кіраўнік – Леанід Буймістраў, які гаворыць, што ініцыятыва стварэньня фэрмэрскай гаспадаркі зыходзіла ад кіраўніцтва раёну – пасьля візыту ў Эсьмоны, дзе выдалі заробак.

(Буймістраў: ) “Прыходзяць на фэрму, а даяркі, падаілі ці не падаілі, п’яныя. Даводзілася асабліва ў дні заробку прасіць пэнсіянэраў, каго заўгодна, каб накарміць і падаіць жывёлу. Якая тут можа быць праца?”

Буймістраў атрымае на некалькі гадоў адтэрміноўку ў выплаце запазычанасьцяў саўгасу і пачне працу з чыстым рахункам. І калі будзе вынік, то арэндаваную маёмасьць і землі ён зможа потым набыць. Супрацоўніца раённай управы сельскай гаспадаркі Людміла Матлох лічыць, што гэта дазволіць сфармаваць новага сельскага уласьніка.

(Матлох: ) “Фэрмэр будзе несьці поўную адказнасьць за ўсе свае дзеяньні, і мы спадзяемся, што гэтая мера адказнасьці падштурхне яго, каб працаваць бяз стратаў”.

Новы ўласьнік з трох фэрмаў зрабіў адну, і разам з ёй бярэ ў арэнду прыкладна траціну саўгасных земляў. Рабочых скарацілі напалову. Ад тых, хто застаўся пры працоўных месцах, запатрабавалі не піць і не гультайнічаць. Першыя вынікі ёсьць – сталі даіць болей малака.

Вось што гавораць пра фэрмэрскую гаспадарку мэханізатары.

(Спадар: ) “Як будзем працаваць, такі і вынік будзе”.

(Спадар) “Цяжкае пытаньне. Яшчэ ў такой сфэры мы не былі ніводнага разу. Паглядзім, карацей, пажывем – пабачым, што будзе далей”.

(Спадар: ) “Напэўна, будзе лепей на фэрмэра працаваць, чым на саўгас. Бо людзі тут абсалютна нічога не атрымлівалі. А ўсім хочацца нешта мець, дзяцей выпраўляць у школу, самім нешта трэба на хлеб”.

Эсьмонскія жанчыны ставяцца да рэфармаваньня больш стрымана. У адных сялянскіх сем’ях абураныя звальненьнямі з працы, у іншых – малымі заробкамі.

(Спадарыня: ) “Мой сын жыве, а працы няма. Не бяруць, бо працы няма. Ён сядзіць на маёй пэнсіі. Я ж яго не пракармлю, ды яшчэ двое дзетак”.

(Спадарыня: ) “Во мужык мой месяц адпрацаваў – 16 тысячаў атрымаў, і як хочаш, так і жыві. Людзі бяз хлеба сядзяць і бяз грошай”.

У Эсьмонах таксама лічаць, што многія сяляне ня здольныя сёньня працаваць так, як належна і як гэтага будзе патрабаваць прыватнік.

(Спадарыня: ) “Канечне, калі быў саўгас, людзі кралі страшэнна, дысцыпліны не было, і ніхто нікога не караў, а цяпер, канечне…”

(Спадарыня: ) “Людзі не прызвычаіліся, каб гэта была прыватная гаспадарка, яны ўвогуле адвыклі працаваць”.

А ўрэшце, гавораць жыхары вёскі Эсьмоны, для вяскоўцаў наўрад ці мае вялікае значэньне, у якой гаспадарцы і на якога ўласьніка працаваць, абы плацілі за гэта прыстойныя грошы.

(Спадарыня: ) “Ці саўгас, ці фэрмэрская гаспадарка, – сама галоўнае, каб давалі аддачу, каб людзям было б лепей жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG