Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЗНАЯЎНЫ РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ ЗРОБЯЦЬ ЗАКОННЫМ АПЛАТНЫМ СРОДКАМ У БЕЛАРУСІ


Натальля Раковіч, Менск

Рашэньне Нацбанку пра ўвядзеньне зь 1 ліпеня 2003 году ў безнаяўнае абарачэньне расейскага рубля носіць хутчэй дэкляратыўны характар і ніякімі дакумантамі не замацаванае. Пра гатовасьць да падобных захадаў кіраўнік Нацбанку Пятро Пракаповіч заявіў яшчэ ў студзені, але ж ён дакладна не растлумачыў, на якіх умовах будзе ажыцьцяўляцца такі пераход. Будзе гэта замена даляраў на расейскія рублі для зручнасьці разьлікаў паміж суб’ектамі гаспадараньня дзьвюх краінаў ці расейская валюта ўжо цяпер пачуецца на роўных правох зь беларускай?

Кіраўнік прэсавай службы Нацбанку Анатоль Драздоў заявіў, што маецца на ўвазе якраз другі варыянт: расейскія рублі стануць законным плацёжным сродкам на тэрыторыі Беларусі пры безнаяўных разьліках. Гэтак, на ягоную думку, будзе зручней найперш тым прадпрыемствам, якія гандлююць з Расеяй.

(Драздоў: ) “Нашае прадпрыемства выпусьціла лядоўні, прадало іх у Расею і атрымала расейскія рублі. Цяпер яно мусіць 30% гэтай валюты прадаць на валютна-фондавай біржы. Калі яму трэба заплаціць свайму партнэру ў Беларусі, яно зноў павінна прадаваць расейскія рублі на біржы і губляць грошы на камісійных. А так прадпрыемства атрымае на свой рахунак расейскія рублі. У яго пастаўшчык у Баранавічах, якому патрэбныя расейскія рублі. Ён яму — …раз, і пералічыў”.

Пэўныя выгоды ад пашырэньня сфэры хаджэньня расейскага рубля не адмаўляе і прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Аднак на думку экспэрта, падобныя захады могуць прынесьці шмат нечаканасьцяў. Напрыклад, у некаторых прадпрыемстваў пагоршацца паказьнікі фінансавае дзейнасьці, бо ўзрастуць выдаткі. Зьнізіцца коштавая канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі, а расейскія тавары наадварот стануць больш таннымі — з-за спэцыфічнай дынамікі абменных курсаў, якая будзе назірацца пры ўвядзеньні расейскага рубля ў безнаяўнае абарачэньне ўнутры краіны. Верагодна, падвысіцца інфляцыя, бо ў наяўным абарачэньні беларускіх рублёў стане болей. Але наагул, лічыць спадар Заіка, усе наступствы чарговага экспэрымэнта Нацбанка ня здолее пралічыць ніводны эканаміст.

(Заіка: ) “Для адмыслоўцы цікава было б гэтым заняцца, але з улікам таго, што ў нас адміністратыўнае рэгуляваньне і дастаткова замаруджаныя рэакцыі ў прыняцьці рашэньняў ва ўсім урадавым апараце, то, канечне, тут могуць узьнікнуць цяжкасьці, якія грунтуюцца на нашых глупствах, на неэфэктыўнай працы ўсяго апарата”.

Спадар Заіка таксама лічыць, што нават у тым выпадку, калі экспэрымэнт з увядзеньнем расейскага рубля атрымаецца няўдалым, адмовіцца ад валютнай інтэграцыі з Расеяй кіраўніцтва краіны ня здолее. У гэтых працэсах, лічыць экспэрт, ёсьць нейкая непазьбежнасьць, бо жорсткімі тэрмінамі пераходу на расейскі рубель — 1 студзеньня 2005 году — расейцы заганяюць Беларусь у пастку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG