“Минские губернские ведомости”, 1853 год:
“Хоць лімон ня нашае айчыны плод і прывозіцца да нас з паўднёвай Эўропы, аднак з-за свайго прыемнага кіславатага і водарнага смаку ён так часта ўжываецца ў штодзённасьці, што мы лічым вельмі прыстойным зьвярнуць увагу нашых чытачоў на гэты плод, колькі прыемны, столькі й карысны. Звонку часам ужываюць лімонны сок для лекаваньня язваў злаякасных, гнойных гніласьцяў і тых, што пераходзяць у антонаў агонь. Для асобаў пачуцьцёвых і пяшчотных раім прыкладаць скрыдлікі лімону да скроняў падчас галаўнога жару, угару і болю ў галаве. Найбольш ужываецца лекарамі сьпіртовая настойка лупінкі лімону як сродак, які ўзбуджае”.
“Чырвоная зьмена”, 1933 год. “Ліст совецкіх пісьменьнікаў-драматургаў комсамольцам Случчыны”:
“Вы нам прад’явілі вельмі цяжкае абвінавачваньне, што з-за нас вельмі рэдка ўзьнімаецца заслона калгаснай сцэны. Так, таварышы, мы адчуваем адказнасьць і ў сваю чаргу хочам прыцягнуць да адказнасьці і Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, якое за апошні час фактычна ігнаруе справу выданьня рэпэртуару для калгаснай сцэны. Сёньняшні ўдарнік соцыялістычнага поля прад’яўляе і да літаратуры і да мастацтва новыя запатрабаваньні. Вы, таварышы комсамольцы, праваднікі ленінскіх ідэй ў гушчы беспартыйнай моладзі і ўсёй масы калгасьнікаў аформілі гэтыя запатрабаваньні ў рахунак. Так, гэта рахунак, які мы, совецкія пісьменьнікі, прымаем і абавязваемся аплаціць. Заслона калгаснай сцэны павінна быць увесь час узьнятай для барацьбы з клясавым ворагам, для комуністычнага выхаваньня калгасных мас, а таксама беднякоў, сераднякоў, аднаасобнікаў — будучага калгасаў, для разумнае забавы і адпачынку”.
“ЛіМ”, 1983 год. Журналіст М.Дзелянкоўскі ў артыкуле “Вярніце гораду імя” заўважае:
“Калі трапляецца назва гораду — Скідаль, мяне карабаціць. Нарадзіўся я ў Скідзелі. Пражыў у ім дваццаць год, тры дзесяцігодзьдзі ежджу на радзіму, але ні разу ня чуў, каб хто зь землякоў называў Скідзель — Скідалем (…). Дзеяньне аповесьці “Пайсьці і не вярнуцца” Васіля Быкава адбываецца ў горадзе і ваколіцах Скідзеля (а ня Скідаля). Добра Васілю Быкаву: яго не правяць. А колькі я ні пісаў Скідзель — у апошнія гады правілі. Зь нечай “лёгкай рукі” назва Скідаль пайшла гуляць па старонках даведнікаў, пэрыядычных выданьняў, кніг. А цяпер ужо гучыць і ў эфіры”.