“Звезда”, 1923 год. Допіс “Выкараняйце п’янства”:
“25 чэрвеня адбыўся агульны сход рабочых і служачых заводу. Старшыня саюза дрэваапрацоўнікаў т. Вензэль рабіў даклад пра губзьезд саюзу. Сьвядомыя рабочыя з напружанай увагай слухалі дакладчыка. Але, на жаль, трэба адзначыць, што ў нашай сям’і ёсьць вырадак. Рабочы М.Гарох зьявіўся на сход у п’яным выглядзе і падчас дакладу ставіў дакладчыку недарэчныя пытаньні, парушаючы тым хаду сходу. Надзвычай прыкра назіраць у цяперашні час гэткія агіднасьці. Саюз дрэваапрацоўнікаў павінен зрабіць захады для таго, каб зьнішчыць гэтае зло”.
“Беларуская газэта”, 1943 год. Барысёнак пад загалоўкам “На змаганьне з трэйцім ворагам”:
“Цяпер, калі ўсе сілы эўрапейскіх народаў скіраваныя на перамогу, калі на абшарах нашае Бацькаўшчыны туляюцца бандыты, ня можа быць месца сярод нас йшчэ й трэйцяму ворагу ў постаці “зялёнай гадзюкі” — самагонкі, ворагу, які сьведама падтрымліваецца… асабліва бальшэвікамі, што заўсёды імкнуліся спайваць народ, добра ведаючы, як лёгка выкарыстоўваць і кіраваць такіх нявольнікаў чаркі. Самагонка й гарэлка, як гэта ўжо сьцьверджана навукай, нічога, апрача шкоды, народу не дае й асабліва ў такі адказны час, калі мы будуем сваю будучыню й калі наш розум заўсёды павінен быць цьвярозым. Дык-жа ўсе на змаганьне з трэйцім ворагам — самагонкай і гарэлкай!”
“Биржи и банки. Белорусская деловая газета”, 1993 год. Артыкул “Культурна цяпер не астаграмісься”:
“З 1 верасьня 1993 году ўводзяцца ў дзеяньне правілы раздробнага гандлю гарэлкай і іншымі сьпіртовымі напоямі, абавязковыя для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня і грамадзян. У адпаведнасьці зь імі забараняецца раздробны гандаль сьпіртам, а таксама рэалізацыя сьпіртовых напояў у дробнай гандлёвай сетцы (за выключэньнем летніх кавярняў, міні-кавярняў, павільёнаў, дзе маюцца гандлёвыя залі і можа быць дапушчаная рэалізацыя на разьліў вінаграднага віна, каньяку, шампанскага, лікёру, бальзаму, апэрытыва). Нельга будзе “культурна астаграміцца” ў глядзельных і выхаваўчых установах, інтэрнатах, на вытворчых прадпрыемствах і будоўлях, у дыетычных сталоўках і дзіцячых кавярнях, у буфэтах вакзалаў, прыстаняў, аэрапортаў, а таксама паблізу ад іх”.