Пошукі новай беларускай ідэалёгіі, якімі цяпер актыўна занялося кіраўніцтва краіны, нагадваюць лоўлю чорнага ката ў цёмным пакоі, дзе гэтага ката няма. Сапраўды, як сказаць пра моц і росквіт Беларусі, пры гэтым усімі сіламі пазьбягаючы словаў пра гонар за сваю мову, багатую гісторыю і культуру? Чытаючы палосныя справаздачы афіцыйных газэт, іншы раз хочацца прамовіць два словы, безь якіх ніякай дзяржаўнай ідэалёгіі быць ня можа: любі сваё. Але такія простыя рэчы, зь пялёнак зразумелыя літоўцу, паляку або расейцу, да беларуса яшчэ не даходзяць. І пакуль кіраўніцтва краіны працягвае свае спробы ўявіць сабе нейкую гібрыдную ідэалёгію, зьлепленую з элемэнтаў сталінізму і заходняй цывілізацыі, многія беларусы прыватным парадкам займаюцца стварэньнем вобразу краіны і пашырэньнем яго ў сьвеце.
Здавалася б, якое простае пытаньне: Што ў Беларусі паказаць замежніку? А паспрабуйце адказаць. Нават самыя эрзацныя прапановы раптам не прыдадуцца. Нясьвіскі замак Радзівілаў згарэў, у Вязынцы ўнікальная прырода пайшла пад шанхай дачных сотак, мэмарыял у Хатыні даўно патрабуе рамонту, у Курапатах... Ну не паказваць жа акты вандалізму як галоўную прыкмету краіны.
У сёньняшняй перадачы я меўся падвесьці вынікі мінулых пяці з паловай гадоў, на працягу якіх выходзіла ў этэр "Вострая Брама". Але каб не пералічваць усіх набыткаў, вырашыў зьвярнуцца да гэтага простага, на першы погляд, пытаньня – што ў Беларусі паказаць замежнікам? Аказалася, пра ўсё, што прапанавалі ў адказ іміджмэйкеры краіны, мы неаднойчы гаварылі ў нашых перадачах. Можа быць, гэта і ёсьць галоўны вынік пяцігадовае працы.
Да тых, хто непасрэдна стварае вобраз Беларусі ў сьвеце: фатографаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, мастакоў і журналістаў – зьвярнуўся з апытаньнем сталы аўтар "Вострае Брамы" Севярын Квяткоўскі.
(Квяткоўскі: ) “Таямнічая, прыхаваная, мітычная – сучасная Беларусь. Савецкі імпэрскі манумэнталізм, руіны старых камяніцаў і народных традыцыяў, а таксама некранутая чалавекам прырода. Вось "тры чарапахі" адметнасьці нашае краіны. Да такой высновы прыводзіць гутарка з маімі суразмоўцамі, якім я задаваў пытаньне – куды вы павялі б ці павезьлі замежніка?
Фатографа Дзяніса Раманюка вабіць Палесьсе”.
(Раманюк: ) “Ёсьць унікальныя помнікі крыжоў, такія як прошчы. Якія апошнія дажываюць свае дні, але ёсьць, і іх можна ўбачыць. Ну ізноў такі Гомельшчына, гэта прыкрынічныя крыжы. Практычна ў кожнай другой вёсцы ёсьць свая сьвятая крыніца, да якой людзі ходзяць па сёньняшні дзень абракацца, браць ваду. Сярод архтэктурных помнікаў я б вызначыў палескія цэрквы, якія маюць выключна беларускую этнічную адметнасьць. Такіх цэркваў не сустрэнеш ні ў Расеі, не ў іншых краінах: гэтыя драўляныя беларускія цэрквы”.
(Квяткоўскі: ) “Але самай вялікай адметнасьцю Беларусі Дзяніс Раманюк называе Чарнобыльскую зону”.
(Раманюк: ) “Калі чалавек шукае вострых незвычайных уражаньняў, то гэта Чарнобыльская зона. Гэта мясьціны, непрадказальныя сваімі зьменамі, сваёй сытуацыяй, там можна ўбачыць тое, чаго сапраўды няма нідзе. Ня проста закінутыя вёскі, ня проста закінутя дарогі й могілкі. Гэта цэлая краіна, якая пакінутая людзьмі".
(Квяткоўскі: ) “А вось турыст і філёзаф Валянцін Акудовіч гаворыць пра азёры й пушчы, але прапануе яшчэ больш мудрагелісты маршрут”.
(Акудовіч: ) “Паколькі сёньня эўрапейца ня зьдзівіш архітэктурай нашай, ня самай багатай і старажытнай, я павёў бы яго, па-першае, у опэрны тэатар. Магчыма, я б па галерэях яго нашых выправіў бы. І яшчэ. Па неіснуючых паэтычных і літаратурных салёнах. Дзе адбываецца шмат чаго цікавага, з чаго можна па-сапраўднаму зразумець сучасную Беларусь”.
(Квяткоўскі: ) “Валянцін Акудовіч гаворыць пра менскія кавярні, сквэры, ды проста прыватныя кватэры. Гісторык Віктар Каліноўскі зьбірае і папулярызуе праз інтэрнэт беларускія краязнаўчыя адметнасьці, плянуе стварыць цэлую краязнаўчую энцыкляпэдыю. Але ў пошуках кропкі адліку для знаёмтсва зь Беларусяй Віктар Каліноўскі называе ня Менск, а іншы горад”.
(Каліноўскі: ) “З задавальненьнем бы звазіў у Вільню. Вострая Брама – гэта тое, што трэба абавязкова паказаць людзям, якія жадаюць што-небудзь ведаць пра тое, што на сёньня называецца Беларусь”.
(Квяткоўскі: ) “Ірына Кашталян узначальвае маладзёвае аб'яднаньне "Гісторыка". Маладыя гісторыкі спрабуюць ня толькі папулярызаваць гісторыю Бацькаўшчыны, але яшчэ рабіць турыстычны бізнэс. Зь беларускімі турыстамі праблемаў няма. У нас усё более ахвочых дазнацца пра таямніцы айчыннае гісторыі. Ірына Кашталян зь сябрамі разважалі, чым можна зацікавіць заходняга турыста, і прыйшлі да высновы”.
(Кашталян: ) "Гэта тое мінулае, якое нам засталося з савецкага часу. Мір-Нясьвіж, яны напэўна цікавыя людзям, але... у іх нешта падобнае ёсьць. Калі мы возім людзей зь Беларусі, яны нават на развалінах могуць знайсьці нешта сваё, нейкі кавалак мінулага. Замежцам гэта не цікава. У іх няма вось тых вось зорачак на будынках. Такога праспэкту, як у нас, хаця яго разбураюць паціху".
(Квяткоўскі: ) “Калі Ірына Кашталян гаворыць пра адметную савецкую спадчыну з інтанацыяй шкадаваньня, дык мастак Артур Клінаў – з захапленьнем”.
(Клінаў: ) "Варта паказаць: а – гэта Менск, горад як музэй, парстору гэтага гораду, і б – гэта прыроду, якая чамусьці выклікае дзікае захапленьне ў замежнікаў. Тут ёсьць тое, чаго няма ў Эўропе – стан дзікасьці. Эўропа – гэта парк, гэта прыватная ўласнасьць. Вось гэтая некранутасьць, гэта тое, чаго ў іх няма. Ну а Менск – гэта будучая турыстычная Мэкка эўрапейская”.
(Квяткоўскі: ) “Музыкант Аляксандар Памідораў нарадзіўся, вырас і жыве ў цэнтры Менску недалёк праспэкту Сталіна-Леніна-Скарыны. Тут, у Цэнтры, Памідораў праводзіць асноўную частку жыцьця. Стопрацэнтовы гараджанін, ён гатовы зьдзівіць ня толькі любога замежніка, але й менчука”.
(Памідораў: ) "Ведаю адно месца – Дзікае возера. Пра яго ня шмат хто ведае. Яно абсалютна круглае формы. І яно празрыстае страшна! Яно роўнае як люстэрка, яно круглае-круглае. І як у кніжках, ці ў легендах, ці ў паданьнях распавядаюць, вада падыходзіць адразу да каранёў дрэваў. І падыйсьці да вады можна толькі ў адным месцы".
(Квяткоўскі: ) “Фатограф Анатоль Кляшчук ведае шмат такіх месцаў як Дзікае возера. Але, як і мой першы суразмоўца Дзяніс Раманюк, Анатоль Кляшчук пачаў свае развагі са згадкі пра Чарнобыльскую зону, як сумную экзотыку. "Што трэба таму турысту?" – пытае фатограф. Анатоль Кляшчук аб'езьдзіў ці ня ўсю Беларусь. Для яго – мастака – непаўторнае хараство краіны можа быць у новым незвычайным ракурсе палёту бусла, ці адбітку старой ігрушы ў Дняпры”.
(Кляшчук :) “Я сам ежджу цэлымі тыднямі па Беларусі, шукаючы мясьціны, якія б мяне захапілі. Ранішняе паветра незвычайнае празрыстае й промні сонца – яно не такое, як будзе празь месяц – тое, што ўстае: зусім іншыя колеры… Самае лепшае запрасіць і, калі ён згодны, некалькі дзён, дні тры адчуць нашу рэальнасьць, пасадзіць побач у машыне, і ехаць па Беларусі. І я думаю, ён будзе перапоўнены ўражаньнямі. Такое ўжо не аднойчы адбывалася, калі са мною былі людзі зь іншых краін, і я браў іх з сабою. І вось, яны зьведалі пакуты ў нашых гатэлях, моцныя абдымкі паўп’яных людзей, але ў іншым яны былі папросту шчасьлівыя, што яны маглі ехаць, бачыць, і яшчэ хочуць прыехаць”.
(Квяткоўскі: ) “Напрыканцы ХХ-га стагодзьдзя беларускі філёзаф напісаў: "Руіны – нябачная сьцяжынка да Маці-прыроды". Сёньняшняя Беларусь адметная руінамі замкаў, маёнткаў і сядзібаў. І абшарамі амаль некранутае прыроды. Як і сто, і дзьвесьці гадоў таму Беларусь – энігма, таямніца, якая вабіць”.
(Дубавец: ) Дарэчы, тое, пра што казалі нашы сёньняшнія экспэрты, хацелі б паказаць замежнікам і даўнія аўтары "Вострая Брамы". Скажам, Зьміцер Бартосік на маё пытаньне адказаў так:
(Бартосік: ) “Я б не раздумваючы павёў яго ў страўню "Талака". Не, не забыўся б і на Верхні горад ды праспэкт Скарыны. Але гэта ўсё падарожніку ўбачыць не складана самому. Іншая рэч – зазірнуць за фасады. Сюды, у агромністы сучасны двор з парэшткамі старадаўніх вуліц, што вядуць у нікуды. Старыя будынкі па-партызанску схаваліся ад вынішчэньня за сьпінамі новабудоўляў. Менавіта ў сутарэньнях аднаго з такіх дамоў на Ракаўскай вуліцы і месьціцца страўня "Талака".
Сам я сюды патрапіў выпадкова. Бадзяючыся ў Ракаўскім прадмесьці ў дзень, калі Беларусь разьвітвалася з Уладзімерам Мулявіным. Раптам да мяне даляцелі гукі "Александрыны". Я парадаваўся за невядомага мне прыхільніка "Песьняроў" і пайшоў на песьню. Голас Мулявіна даносіўся не з вакна кватэры, а з падвалу, па над уваходам у які мацаваліся цяжкія каваныя лацінскія літары “Страўня Талака”.
За дзьвярыма ў мяне адразу ўзьнікла адчуваньне, што трапіў ці то на склад антыкварнай крамы, ці ў запасьнікі этнаграфічнага музэю. У першыя хвіліны хочацца ня сесьці за стол, а азірнуцца. Нібыта прыйшоў сюды не адтуль, адкуль прыйшоў, а з зусім іншага месца.
У “Талацэ” няма далікатных дэкарацыяў. Тут усё сапраўднае і грубае. Трохлітровыя слоікі ў якасьці сьвяцільнікаў. Старадаўнія ложкі, ператвораныя ў сталы, сякера, у выглядзе ручкі загнаная ў дзьверы прыбіральні. Сапраўдная нават шыльда пэрыяду беларусізацыі “Капаць забараняецца” па-над барнай стойкай. Мэню нічым не саступае антуражу. Ад бульбы ў мундурах і дранікаў да... ледзь не сказаў "ласіных губ у воцаце". Не, апяянага Караткевічам шляхецкага ласунку тут пакуль няма. Мэню ў "Талацэ" прывезенае зь беларускай вёскі. Асабліва прывабна выглядаюць салёныя гуркі ды памідоры на вялізным драўляным сподзе. Прынесеныя афіцыянтам у шэрай даматканай кашулі.
Страўня “Талака” ў той вечар падаравала мне ілюзію, быццам я знаходжуся ў тым, сваім ідэальным Менску. Горадзе са старых паштовак, дзе яшчэ нічога не разбурана. Што за дзьвярыма гэтай каморы Ракаўская вуліца не сканчаецца. Недзе за паваротам яна зьліваецца са старой пакручастай Нямігай...
Дзіўна, што падобныя рэстарацыі не адчыняліся ў нас гадоў дзесяць таму. У эпоху, калі сам час падказваў, што, дзе і як трэба рабіць. Зрэшты, час тут не пры чым. "Талака" сьведчыць толькі пра адно. Пра зьяўленьне ў Менску людзей, гатовых выкласьці грошы, каб атрымаць асалоду ад сваёй кухні у сваім інтэр'еры”.
(Дубавец: ) Згадзіцеся, даволі нечаканая думка – прадстаўляць Менск ягонымі кавярнямі. Але ёсьць тут адна важная дэталь. У розных народаў дачыненьні з грамадзкім харчаваньнем розныя. Па ўсім сьвеце ведаюць, як адметную, кітайскую кухню або італьянскія піцы. Вядомыя ўсім і падкрэсьлена касмапалітычныя Макдональдзы. Але большасьць нацыяў у гэтай справе ні на што не прэтэндуе. Як будзе паводзіць сябе беларуская кухня, пакуль сказаць цяжка. Яна яшчэ ў зародкавым стане, прыдушаная і заканадаўча і эканамічна. А ў сытуацыі свабоды? Можна дапусьціць, што яна выявіцца досыць агрэсіўна. Згадайце яе адчайныя спробы стварыць уласны fast-food – з гатовым брэндам "Хутка, Смачна, Па-Беларуску" і смажнямі, што прэтэндуюць замяніць сабою гот-догі і гамбургеры. Або – вось гэтая "Талака", якую ў нацыянальным самавыяўленьні крыху нават зашкальвае. Можа быць гэтая стрымваная ўладамі кулінарная агрэсія, выпушчаная заўтра, нібы джын з бутэлькі, уступіць у канкурэнцыю з італьянцамі ды кітайцамі ў парыве накарміць сьвет дранікамі? Пра такое фантазіруецца лёгка, бо мы як сьлед яшчэ ня ведаем сябе свабоднымі.
Другі сталы аўтар "Вострае Брамы" мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа, што найперш паказаў бы замежніку беларускую прыроду, прычым не абы якую і не абы дзе.
(Харэўскі: ) “Ні ў якім разе ня стаўлю пад сумнеў вартасьці краявідаў і здабыткаў цэнтральнае Беларусі, але майму сэрцу мілейшыя менавіта ўскраіны. Акурат уздоўж беларускіх межаў разьлягаюцца дрымучыя пушчы, плешчуцца самыя вялікія вазёры й цякуць паўнаводныя рэкі. Ці не таму нашыя ўскраіны заўсёды былі прадметам зайздрасьці суседзяў?
Ці гэтак распарадзіўся Бог, ці гэтак стварылі людзі, але самыя пекныя гарады Беларусі таксама стаяць вакол яе межаў. У веснавую раніцу як файна пераяжджаць Дзьвіну ў Полацку. Нехта зь “дзекабрыстаў” напісаў у свой час: "сёньня пераехаў мяжу Віцебскай і Пскоўскай губэрніяў. Нарэшце я ў Расеі. Зусім іншае паветра!" Як ні дзіўна, паветра й насамрэч рознае. Варта вам у цягніку даехаць ад Пецярбургу ўжо да Вялікіх Лукаў, як паветра становіцца раднейшым. Становіцца сярэдне-сваім. Як пах ва ўласнай кватэры.
Гэткімі самымі прыгожымі, прыдуманымі на ўласны капыл, здаюцца й горы й лясы на даляглядзе, нібы ўласная рука іх там расстаўляла. Неверагодна прыгожаю падаецца Горадня, калі прамінеш рунёвыя роўнядзі Чорнае Ганчы. Можна захлынуцца пачуцьцямі ад нечаканага ляндшафту Мсьціслава, калі плывеш да яго з Расеі па пакручастай рэчцы Вяхры.
Ці то з Поўдня, ад Мазыра, ці то з Поўначы, напрыклад з Латвіі, праз Друю, Беларусь будзе паказывацца сваімі лепшымі якасьцямі. Ці рыпучым сьнегам пад палазамі саняў, што абдаюць сваім жывым духам бухматыя конікі, ці ўльтрамарынавым разьлівам вады ў шатах першых пупышак вербалозу. Менавіта тут, па беларускім пэрымэтры, – самыя рэдкія помнікі й самыя старажытныя курганы, зьдзічэлыя нерушы й нечакана шумныя мястэчкі. Можа надацца й Белавежа, і доўгія, бялюткія пляжы на Дзьвіне, аблямаваныя дзіка зялёнай травою, не раўнуючы, як у Палінэзіі. Атрымліваецца, што самыя вартыя ўвагі беларускія мясьціны ці сустракаюць гасьцей ці іх праводзяць”.
(Дубавец: ) Сёньня "Вострая Брама" завяршае сваё існаваньне ў тым выглядзе, у якім вы прызвычаіліся да яе за мінулыя пяць з паловай гадоў. Беларускі культурны кантэкст – не бясконцы, ён хутчэй пэрыядычны, як самое жыцьцё. Ён зьменлівы ў залежнасьці ад таго, што ў ім. Мінулых амаль трохста перадач хапіла на тое, каб разгледзець у ім вялікае мноства зьяваў гісторыі і сучаснасьці – нашай і замежнай. Мы нібы даганялі разуменьне многіх зьяваў айчыннай культуры ХХ ст., якія ў свой час не былі і не маглі быць разгледжаныя ў вольным ад цэнзуры кантэксьце. Асновай нашага погляду заўсёды была свабода, імкненьне глядзець на рэчы як мага больш шырока і як мага больш дасьведчана. Урэшце, цяжка сказаць, пра што яшчэ ў нашай мінулай гісторыі і культуры мы не гаварылі. Аднак прыходзіць час, калі рэчы былыя разгледжаныя і ацэненыя, калі ўжо больш-менш зразумела, хто мы і дзе мы, як нацыя і культура. У плянах Радыё Свабода – кніжнае выданьне "Вострае Брамы", якое зафіксуе самыя істотныя з нашых ацэнак і высноваў.
Беларусы, як вынікае з досьведу мінулага стагодзьдзя – яшчэ зусім маладая сучасная нацыя, перад якой – вялікая будучыня, і разьвівацца мы будзем – пры нармальных умовах – не як нейкія іншаплянэтнікі, а як і кожная іншая нацыя нашага рэгіёну. Няма ніякага сумневу, што мы дойдзем урэшце і да школы, да табліцы множаньня, да сакральнага практыкаваньня двойчы два чатыры, гэта значыць, што беларус гаворыць па-беларуску, ведае сваю старажытную гісторыю і любіць усё сваё. Таксама як літовец, паляк ці расеец. Але да школы яшчэ трэба крыху падрасьці.
Такім чынам, вызначыўшы, хто мы і дзе мы, мусім павярнуцца тварам у будучыню і ад асэнсаваньня кантэксту перайсьці да стварэньня тэксту. Вось галоўная перамена, якая адбудзецца ў "Вострай Браме". Яна стане актыўнай удзельніцай інтэлектуальнага працэсу. А сёньня я завяршаю гаворку пра тое, што было. Пра тое, што будзе, скажацца у наступны раз.