Праект адпаведнага пагадненьня ня быў ухвалены з прычыны пазыцыі беларускага боку. Акрамя таго, расейскі прэм’ер заявіў, што для Масквы непрымальна нават разглядаць пытаньне пра перагляд права ўласнасьці на нафтаправоды “Транснафтапрадукту”, якія пралягаюць празь Беларусь ды арыштаваныя акцыі Мазырскага НПЗ, якія належалі кампаніі “Славнафта”.
Калі расейскі бок ускладаў на гэтае пасяджэньне саюзнага Саўміну пэўныя спадзяваньні ў пляне хутчэйшага пераводу Беларусі на расейскі рубель, то ў беларускім урадзе мелі надзею на зьмякчэньне пазыцыі “Газпрому” адносна кошту паставак газу. Але ніводзін бок не атрымаў жаданага. Расейскі прэм’ер толькі сказаў беларусам, што можа адбыцца вяртаньне да ўнутрырасейскага кошту на газ для Беларусі, калі афіцыйны Менск пагодзіцца на прымальныя для “Газпрому” ўмовы прыватызацыі “Белтрансгазу”.
Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі ў адказ зазначыў, што Беларусь выканала ўсе свае абавязкі ў гэтым пытаньні, і што ніякіх ільготаў ад Расеі ня мела. Такім чынам, пазыцыі Масквы і Менску ў самым гарачым пытаньні апошняга часу — газавым — зноў разышліся.
Адпаведна, ня варта было чакаць нейкага прагрэсу і ў пытаньні ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля. Міхаіл Касьянаў прызнаўся, што менавіта з-за пазыцыі беларускага боку сёньня ня быў узгоднены праект пагадненьня аб увядзеньні ў Беларусі расейскага рубля як адзінага законнага выплатнага сродку з 1 студзеня 2005 году.
Беларускі бок хоча, каб пагадненьне падпісвалася адначасова з пакетам іншых дамоваў, якія кампэнсуюць Беларусі страты ад увядзеньня расейскага рубля. Прычым прадстаўнікі беларускага ўраду ацэньваюць гэтыя страты на 2,1 мільярда даляраў. Расейскі бок ні пра якія кампэнсацыі тут і казаць ня хоча.
(Касьянаў: ) “Я, шчыра кажучы, ня вельмі разумею, пра што ідзе гаворка. Ніякіх сумаў расейскі ўрад нікому не пацьвярджаў што да кампэнсацыі за ўвядзеньне валюты. Я ня ведаю, што гэта такое, я лічу, што гэткая пастаноўка пытаньня няправільная. Паводле нашага, расейскага перакананьня, увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі — гэта дабро для беларускай эканомікі, гэта ўваход у больш камфортную сытуацыю, за гэта не прыплачваюць”, — сказаў Міхаіл Касьянаў.
Яго беларускі калега Сяргей Сідорскі настойваў на кампэнсацыях, а таксама на падпісаньні пакету эканамічных пагадненьняў дзеля стварэньня роўных умоваў гаспадараньня ў Беларусі і Расеі.
Начальнік прэсавай службы Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў так патлумачыў Свабодзе сутнасьць супярэчнасьцяў Расеі й Беларусі на гэты конт:
(Драздоў: ) “Беларускі бок стала заяўляе пра тое, што перш чым уводзіць адзіную валюту, трэба стварыць адзіную эканамічную прастору — стварыць вольны рынак тавараў, паслугаў і рабочай сілы, чаго цяпер няма. Гэта неаднаразова падкрэсьліваў кіраўнік Нацбанку Пракаповіч. Трэба рабіць тое ж, што робіць аб’яднаная Эўропа: спачатку агульны рынак — і толькі потым ўвялі адзіную валюту. Расея ж кажа, што давайце ўвядзем рубель, а ён як лякаматыў пацягне ўсё астатняе. Мы ж арыентуемся на іншыя ўзоры. Таму мы й настойваем не рабіць усяго гэтага да выбараў прэзыдэнта Ресейскай Фэдэрацыі, а рабіць усё разумна”.
Анатоль Драздоў зазначае, што Беларусь будзе мець вялікія матэрыяльныя статы ад згубы права эмісіі, ад зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці сваіх прадпрыемстваў; тым часам, расейскі бок дагэтуль не кампэнсуе стратаў Беларусі ад недаатрыманьня ўскосных падаткаў.
Міхаіл Касьянаў сёньня заявіў, што калі да канца году пагадненьне пра ўвядзеньне расейскага рубля ня будзе падпісанае і ратыфікаванае, то пра дату яго рэалізацыі — 1 студзеня 2005 году — можна забыцца. Прадстаўнік Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў так адрэагаваў на гэта:
(Драздоў: ) “Цалкам можа быць, цалкам можа быць. Дарэчы, мы ніколі ня ставілі дату як фэтыш”.