Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка ў Маскве: “Хто ж для Расеі важнейшы — Буш або Беларусь?”


Юры Сьвірко, Менск

Адначасова спадар Лукашэнка вельмі хваліў маскоўскага мэра Юрыя Лужкова, зь якім ён наведаў шэраг новых аб’ектаў у сталіцы Расеі.

Другі дзень рабочага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву пачаўся з наведваньня новага аўтадарожнага тунэлю ў Ляфортаве, пракладзенага пад помнікамі архітэктуры на адлегласьць больш за 2 кілямэтры дзеля таго, каб стварыць у Маскве трэцяе транспартнае кальцо. Гэты ўнікальны тунэль дыямэтрам 14 мэтраў расейцы будавалі разам зь нямецкай кампаніяй. Пасьля тунэлю спадар Лукашэнка пабачыў дробнааптовую краму нямецкай гандлёвай сеткі “Мэтро”, а потым незаплянавана зьезьдзіў у новы раён Куркіна паглядзець на тамтэйшыя жылыя дамы.

Размаўляючы з журналістамі, беларускі кіраўнік паведаміў, што Беларусь і Масква маюць таваразварот удвая большы, чымсьці ўся Расея і ЗША, і дадаў: “Дык я задаю пытаньне, хто ж для Расеі важнейшы: Буш або Беларусь?” Паводле спадара Лукашэнкі, Расея “вядома ж, будзе разьвіваць з Амэрыкай таваразварот, але й зь Беларусьсю таксама”.

Паводле яго, беларуска-маскоўскі таваразварот памерам крыху менш за 4 мільярды даляраў ёсьць асновай саюзу Беларусі й Расеі, а з ініцыятывы мэра Масквы Юрыя Лужкова ў 2006 годзе ён будзе павялічаны да ўзроўню больш як 5 мільярдаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка шмат хваліў спадара Лужкова, зь якім мае добрыя дачыненьні. “Я не іду да тых людзей, зь якімі губляеш час на нейкія спрэчкі й дэбаты”, — заявіў спадар Лукашэнка. Мажліва, гэткім чынам ён адрэагаваў на паведамленьні маскоўскіх мас-мэдыяў пра тое, што яго не прымае ніводзін фэдэральны чыноўнік Расеі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спакойна рэагуе на пэўны ціск на Беларусь з боку пэўных маскоўскіх каналаў і прэсы. “Масквічы — людзі кемлівыя, яны разумеюць, пра што ідзе размова”, — зазначыў беларускі кіраўнік. Трэба згадаць, што ў сьвежым нумары часопісу “Итоги” ў аўторак надрукаванае інтэрвію расейскага віцэ-прэм’ера й міністра фінансаў Аляксея Кудрына, які сказаў: “Беларусь яшчэ мае час для асэнсаваньня — ад двух да трох месяцаў. Калі Менск у гэтыя тэрміны прымае станоўчае рашэньне, дык ён яшчэ можа пасьпець ускочыць на прыступку цягніка з назовам “Адзіная валюта”, які адыходзіць”.

Паводле спадара Кудрына, ён “мае адчуваньне, што беларускі лідэр пачаў пакрысе прытарможваць гэты працэс, прычым не з эканамічных, а з палітычных меркаваньняў, таму што беларускі бок высоўвае аргумэнты, якія падчас першага ж разгляду не вытрымліваюць ніякай крытыкі”. “Там ёсьць патрабаваньні пра кампэнсацыю, якія няма чаго нават абмяркоўваць”, — рэзка заявіў міністар фінансаў Расеі, хаця нядаўна расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Блахін якраз і абяцаў кампэнсацыю на паўмільярда даляраў за пераход Беларусі на расейскія рублі.

Публікацыя інтэрвію Аляксея Кудрына супала з паведамленьнем беларускага Нацыянальнага банку пра тое, што 1 кастрычніка ўвядзеньне ў Беларусі безнаяўных расейскіх рублёў зноў не адбудзецца, таму што дагэтуль ня ўзгоднены ўсімі ведамствамі праект адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаю, што раней плянавалася дазволіць у Беларусі карыстацца безнаяўнымі расейскімі рублямі яшчэ з 1 ліпеня, а потым прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін накіраваў спадару Лукашэнку адмысловае пасланьне з заклікам як мага хутчэй перайсьці на расейскую валюту. У сваім адказе на гэтае пасланьне Аляксандар Лукашэнка фактычна даў адмову. Вось на гэтым тле, пасьля нядаўніх сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы ды Ялце, пройдуць іх чарговыя перамовы ў Маскве. Гэтая сустрэча пачнецца ўвечары, хаця на гэты ж вечар заплянаваны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў цырымоніі адкрыцьця гала-канцэрту майстроў беларускага мастацтва ў канцэртнай залі “Расея”.
XS
SM
MD
LG