Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саюзнай дзяржавы не было, няма і ня можа быць”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Сёньняшнія польскія газэты згодна адзначаюць, што ў часе спатканьняў у Менску кіраўнікі Беларусі і Расеі ўнікалі абмеркаваньня найбольш спрэчных пытаньняў у двухбаковых стасунках, а іхная сустрэча не прынесла нічога новага.

Паводле штодзёньнка “Rzeczpospolita”, так сталася таму, што пасьля месяцаў вострых спрэчак у справе будучага кшталту саюзнай дзяржавы бакі ўжо не хацелі далейшага ахалоджаньня адносінаў паміж Менскам і Масквой. Яшчэ адна прычына, мяркуюць агладальнікі “Rzeczpospolitej”, – гэта пачатак падрыхтоўкі да сьнежаньскіх выбараў у Дзяржаўную Думу Расеі, напярэдадні якіх, расейскія палітыкі ня хочуць фігураваць у гучных спрэчках зь Беларусьсю.

Паводле польскага штодзённіка, сытуацыя ў беларуска-расейскіх стасунках цяпер вярнулася да той, што паўстала летась у жніўні, калі Пуцін у жорсткай форме запрапанаваў Лукашэнку далучацца да Расеі ці будаваць міждзяржаўныя стасункі паводле ўзору Эўрапейскага Зьвязу.

“Пра гэта, аднак, не было гаворкі, прынамсі, публічна. Прэзыдэнты дэкляравалі паскарэньне працы над канстытуцыяй саюзнай дзяржавы, гаварылі пра неабходнасьць стварэньня адзінай гаспадарчай прасторы. Дакладна тое самае, пра што гаварылася і летась”, – падсумоўвае “Rzeczpospolita”.

Іншы польскі штодзёньнік – “Gazeta Wyborcza” піша, што шэраг узаемных камплімэнтаў, якімі абмяняліся Пуцін з Лукашэнкам раніцай, пасьля нядзельнай вячэры ў рэзыдэнцыі беларускага кіраўніка, меліся зацерці паважныя супярэчнасьці паміж Расеяй і Беларусьсю.

Аднак, паводле газэты, тут не ідзе гаворка пра спыненьне вяшчаньня на тэрыторыю Беларусі расейскіх радыёстанцыяў ці пра гвалтоўнае выдаленьне з краіны лідэра Саюзу правых сілаў Расеі Барыса Нямцова, а перадусім пра эканамічныя праблемы. Расея хоча ад Беларусі ня толькі адзінага эмісійнага цэнтру для супольнай валюты – расейскага рубля, але і магчымасьці пераймаць за даўгі найбольш прывабныя беларускія прадпрыемствы.

“Гэта ня можа падабацца кіраўніку Беларусі, які хоча захаваць ў краіне адзінаасобную і непадзельную ўладу. Таму саюзнай дзяржавы не было, няма і ня можа быць”, - падае “Gazeta Wyborcza” меркаваньне аднаго зь беларускіх экспэртаў.

Газэта таксама прыгадвае, што расейскі бок ня мае падставаў спадзявацца на выкананьне Беларусьсю дасягнутых дамоўленасьцяў. Бо, прыкладам, расейскі рубель як адзіная валюта Беларусі і Расеі паводле колішніх абяцаньняў Менску павінен быў зьявіцца ў Беларусі ўжо 1 студзеня 2004 году, а цяпер Менск запэўнівае, што гэта здарыцца яшчэ праз год.
XS
SM
MD
LG