На гэтае паседжаньне ў Беларусь прыедуць прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Расейскай Федэрацыі Ўладзімер Пуцін і Міхаіл Касьянаў. Павінен быць разгледжаны бюджэт гэтак званае Саюзнае дзяржавы.
Апошняе паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады праходзіла ў жніўні ў Маскве, калі У.Пуцін адкрыта прапанаваў А.Лукашэнку ўключыць Беларусь у склад Расеі на правох рэгіёну. Пасьля гэтага ў стасунках кіраўнікоў Расеі і Беларусі надышло пахаладаньне.
Тым часам маскоўская газэта “Россія” сёньня піша, што “Беларусь дала згоду на далучэньне да Расеі, Аляксандар Лукашэнка не сказаў пра гэта адкрытым тэкстам, але даў зразумець, што час канчатковага аб’яднаньня настаў”,— піша газэта “Россія”. Найбольш верагодным на яе думку зьяўляецца варыянт падзелу Беларусі на 6 рэгіёнаў і ўключэньне іх у склад Расейскай Фэдэрацыі. “Раней Лукашэнка быў невыязным зь Беларусі, стане невыязным з Расеі”,— заключае маскоўскае выданьне.