Нямцоў і Хакамада прыбылі ў Менск на канфэрэнцыю "Беларусь - Расея: новая інтэграцыя". Але як толькі яны сышлі са сходаў самалёта, іх адрэзалі ад групы журналістаў. Два памежнікі папрасілі іх сесьці ў машыну.
Прэс-сакратарцы СПС Алене Дзікун пазьней удалося зьвязацца зь Нямцовым праз тэлефон, і ён сказаў, што "іх вязуць у невядомым кірунку, а ў машыне знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі і памежнікі".
У адмысловай заяве СПС з нагоды затрыманьня Нямцова і Хакамады адзначаецца, што ў Менску “зьдзейсьненеы абуральны бандыцкі акт сілавога захопу двух вядомых расейскіх палітычных дзеячаў”. СПС турбуецца за жыцьцё і здароўе Барыса Нямцова і Ірыны Хакамады ды патрабуе іх неадкладнага вызваленьня.