Дэпутат Сяргей Касьцян, у прыватнасьці, падтрымлівае тут А.Лукашэнку “на 100 адсоткаў”:
(Касьцян: ) “Вось так рабіць на ўвесь сьвет, незалежную гордую дзяржаву і горды народ зьмешваць з мухамі — гэта неэтычна. Паважанаму прэзыдэнту брацкай расейскай дзяржавы трэба найперш ня мух ад катлет аддзяляць, а аддзяліць крамлёўскіх сьляпнёў ад цела саюзу Беларусі і Расеі. Сьляпнёў, якія балюча кусаюць і расейскі, і беларускі народы”.
Тым ня менш, Сяргей Касьцян лічыць, што Пуцін павінен усьвядоміць, што адбудзецца ягоная сустрэча з А.Лукашэнкам 29 чэрвеня. І такім чынам саюзу Беларусі й Расеі сьмерць не пагражае, — лічыць С.Касьцян.
Дэпутат Іван Пашкевіч у адрозьненьне ад С.Касьцяна ў правакацыі канфлікту абвінавачвае атачэньне не расейскага, а беларускага лідэра, радыкальнае чырвона-карычневае крыло:
(Пашкевіч: ) “Тое, што сказаў Уладзімер Пуцін — гэта як цэбар вельмі бруднай вады на нашых беларускіх палітыкаў і асабліва тых, хто ўзурпаваў права выступаць ад імя беларускага народу за яднаньне зь Беларусьсю і Расеяй. Гэта, канечне, удар па ягоным асабістым палітычным стане. Ён сказаў, што інтэграцыя Расеі й Беларусі — гэта яго палітычны лёс. І вось па гэтым лёсе нанесены вельмі вялікі ўдар. Тое, што сёньня сказаў А.Лукашэнка, — гэта эмацыянальная заява”.
Іван Пашкевіч лічыць, што гэты канфлікт яшчэ ня выкліча канец інтэграцыі.
Ягоны калега Ўладзімер Парфяновіч упэўнены, што гэтыя гульні ў інтэграцыю трэба было закончыць даўно:
(Парфяновіч: ) “Дасьць Бог, Беларусь захавае свой сувэрэнітэт. Я думаю, што гэта павінна было адбыцца два гады таму, каб катлеты ад’ехалі ад мух. Была звычайная палітычная гульня. Аляксандар Рыгоравіч ніколі не паступіўся б сувэрэнітэтам. І тут ён мае рацыю. Беларусь павінна быць сувэрэннай дзяржавай. Усё”.
На думку Ўладзімера Парфяновіча, адзін з аўтараў Канстытуцыйнага акту павінені сысьці ў адстаўку.
Вядомы эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што нежаданьне А.Лукашэнкі інтэгравацца па прыкладзе Эўразьвязу абумоўленае ягонымі ідэалягічнымі перавагамі:
(Заіка: ) “Ёсьць перадузятасьць у адносінах да таго, што Эўразьвяз і NATO непрымальныя для нас, бо там кіруе капітал. Але асаблівай яснасьці наконт таго, што такое Эўразьвяз, у Адміністрацыі прэзыдэнта ня маюць. Гэта проста спроба маніпуляваць сьвядомасьцю людзей”.
Леанід Заіка ўпэўнены, што немагчымая раўнапраўная інтэграцыя дзьвюх вельмі розных па эканоміцы краінаў. Гэта глупства — патрабаваць права вэта, калі Беларусь у 30 разоў слабейшая за Расею паводле эканамічнага патэнцыялу, лічыць Леанід Заіка.
(Заіка: ) “Тое, што цяпер гаворыць Аляксандар Лукашэнка, — гэта проста адказ вучня, якому паставілі двойку за дрэнна падрыхтаваны рэфэрат на тэму “Сучасная інтэграцыя — мэханізмы і канцэпцыі ўзаемадзеяньня краінаў”.