Ізраільскі міністар замежных справаў Сільван Шалом заявіў, што прэм’ер Ізраіля Арыэль Шарон цяпер кансультуецца з партыяй Лікуд і ўдзельнікамі ўрадавай кааліцыі наконт новай ініцыятывы аб замірэньні з палестынцамі.
Шалом заявіў сёньня ў Лёндане, што прэм’ер Ізраіля ўпэўнены, што новы плян можа замяніць плян вываду ізраільскіх войскаў і пасяленьняў з палестынскіх тэрыторыяў, які быў адрынуты партыяй Лікуд на рэфэрэндуме ў нядзелю.
Пасьля сустрэчы з міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэкам Стро Шалом сказаў:
"Ізраільскі прэм’ер мае рашучасьць рухаць мірны працэс наперад.Ён шукае цяпер шляхі каб разам з ім у гэтым кірунку рухаліся і лідэры партыі Лікуд ў справе рэалізацыі мірнай ініцыятывы."
ЗША, ААН, Эўразьвяз і Расея заклікалі да поўнага вываду ізраільцян з Паласы Газа, зазначыўшы пры гэтым, што канчатковыя ўмовы што да вяртаньня ўцекачоў і вызначэньня межаў павінны быць вырашаныя пад час перамоваў з палестынцамі.
Сёньня ў Рамале, палестынскі парлямэнт адзінагалосна прагаласаваў за адстаўку кіраўніка міністэрства фінансаў з-за фактаў карупцыі.