На лініі хуткасных цягнікоў, якія злучаюць гішпанскую сталіцу з Сэвільяй, знойдзенае выбуховае прыстасаваньне. Паводле Міністра ўнутраных справаў Гішпаніі, падазроны пакет быў знойдзены прыкладна за 60 кілямэтраў на поўдзень ад Мадрыда пад чыгуначнымі рэйкамі. Яго заўважыў адзін з супрацоўнікаў чыгуначнай кампаніі. У пакеце было каля 10-12 кіляграмаў дынаміту. Выбухоўку злучаў з дэтанатарам 136-мэтровы кабель. Рух цягнікоў быў спынены ў абодвух напрамках, выбуховае прыстасаваньне абясшкоджанае. Паводле міністра, пакуль невядома, хто падклаў бомбу. 11 сакавіка на працягу некалькіх хвілінаў у цягніках на некалькіх чыгуначных станцыях Мадрыду выбухнула 10 бомбаў. У выніку 191 чалавек загінуў, больш як тысяча было паранена.