Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 17:36 ]  ВАЦЛАЎ ГАВЭЛ: “ЖАДАЮ БЕЛАРУСАМ САПРАЎДНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ!”


Паглядзець на новае месца Беларусі ў Эўропе прапанаваў сусьветна вядомы чэскі палітык экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. “Беларусь – наша новая суседка” – такі загаловак яго артыкула, які ў пятніцу зьявіўся у многіх газэтах сьвету, у тым ліку і па-беларуску ў “Нашай Ніве”. Сёньня, 20 сакавіка, гэта фраза стала дэвізам прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыі, якая праходзіць у Празе.

Канфэрэнцыя арганізаваная чэскім Сэнатам і чэскай фундацыяй “Людзі ў бядзе”. У канфэрэнцыі бяруць удзел палітыкі і няўрадавыя актывісты ня толькі зь Беларусі і Чэхіі, але таксама зь Літвы, Латвіі, Польшчы, Славаччыны, ЗША, прадстаўнікі Эўрапейскага Парлямэнту. Ганаровая госьця канфэрэнцыі – старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Падрабязнасьці – слухайце ў нашых далейшых праграмах.

Сёньня прапануем урывак эксклюзіўнага інтэрвію Вацлава Гавэла для Радыё Свабода:

(Гавэл: ) “Я мяркую, што Беларусь гістарычна, геаграфічна, этнічна, культурна вельмі блізкая да Эўропы, але сапраўды залежыць ад самой Беларусі, ад яе ўнутранага разьвіцьця, як вырашацца пытаньне: ці стаць часткай інтэграванай Эўропы? Калі вырашаць адказаць 'Так!', то Эўропа мела б рабіць усё, каб Беларусі былі адчыненыя дзьверы. Будзе гэта дарога доўгая, няпростая – гэта перажылі і мы на сваім уласным досьведзе”.

На просьбу Радыё Свабода выказаць пажаданьні беларусам да Дня Волі 25 сакавіка Вацлаў Гавэл адказаў: “Жадаю беларусам сапраўднай незалежнасьці!”
XS
SM
MD
LG