БАГДАД. Найменей 143 чалавекі сталі сёньня ахвярамі тэрактаў у Іраку. Яшчэ болей людзей параненыя. Усе ахвяры – мусульманы-шыіты, якія сьвяткавалі ў аўторак важную рэлігійную дату. У Багдадзе тры тэрарысты-сьмяротнікі падарвалі сябе ў часе рэлігійнай працэсіі. У Кэрбэле адбыўся ня толькі выбух – працэсію яшчэ і абстралялі зь мінамётаў. Прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Скот МакКлелан заявіў:"Нішто ня зможа спыніць рух Іраку да дэмакратыі. Ірацкі народ імкнецца да свабоднай і дэмакратычнай будучыні, і ніякія спробы тэрарыстаў ня змогуць перашкодзіць. Усё застанецца, як вырашана, -- 30 чэрвеня ўлада ў краіне будзе перададзеная самім іракцам".
Тым часам, духоўны лідэр шыітаў аятала Алі аль-Сістані і сябра Кіроўчай Рады, лідэр шыіцкай партыі Абдул Азіз аль-Хакім абвінавацілі акупацыйныя войскі ў іх няздольнасьці забясьпечыць бясьпеку іракцаў.
Тэракт таксама супраць шыітаў адбыўся сёньня і ў часе рэлігійнай цырымоніі ў пакістанскім горадзе Квэта. Там загінулі прынамсі 41 чалавек і болей за 150 былі параненыя.