Македонскі прэзыдэнт Барыс Трайкоўскі сёньня загінуў у авіякатарофе. Ягоны самалёт разьбіўся ў паўдзённай Босьніі, калі дэлегацыя з Македоніі накіроўвалася на інвестыцыйны форум у горадзе Мостары ў Босьніі.
Прэсавы сакратар МУС Босьніі паведаміў, што рэшткі самалёта былі знойдзеныя, і ніхто з тых, хто быў на борце, ня выжыў.
Самалёт ляцеў у складаных умовах надвор’я, у туман, вецер і сьнег.
Барысу Трайкоўскаму было 47 гадоў, яго абралі прэзыдэнтам Македоніі ў 1999 годзе.
Адпаведна Канстытуцыі краіны сьпікер парлямэнта Македоніі будзе выконваць абавязкі прэзыдэнта, выбары новага кіраўніка краіны павінны быць прызначаныя цягам 40 дзён.
Маекедонскі ўрад і парлямант сёньня праводзяць свае надзвычайныя паседжаньні.
Эўрапейскія лідары выказваюць шкадаваньне і спачуваньне ў сувязі з гібельлю Барыса Трайкоўскага.
Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Рамана Продзі сказаў пра свой шок у сувязі з гэтым выпадкам і зазначыў:
-- Пачуцьці ў нас асабліва горкія, бо сёньня павінен бы быць дзень радасьці для Македоніі і Барыса Трайкоўскага, – дзень, калі Македонія прадстаўляе сваю заяўку на далучэньне краіны да Эўразьвязу. І мала хто ў Македоніі зрабіў дзеля дасягненьня гэтай мэты болей, чым прэзыдэнт Трайкоўскі.
-- зазанчыў Рамана Продзі.
Прэм’ер Ірляндыі, якая старшыню ў Эўразьвязе, Бёрці Агёрн сёньня з-за сьмерці Трайкоўскага скасаваў сустрэчу са сваім македонскім калегам Чрвэнкаўскім.
Кіраўнік зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Хаўер Саляна назваў Трайкоўскага вялікім чалавекам, які рухаў сваю крану наперад.
Харвацкі прэзыдэнт Стыпе Месіч зазначыў, што сьмерць Трайкоўскага будзе мець палітычныя наступсвы на Балканах, але ўшанаваньнем Трайкоўскаму будзе працяг праграмы стабілізацыі і рэканструкцыі ў рэгіёне,-- зазначыў Месіч.