РАМАЛА: Палестынскія парляментарыі ўхвалілі сёньня новы кабінэт . Прэм’ер Ахмэд Курэй заявіў, што ягоны кабінэт выказваецца за спыненьне любога гвалту супраць Ізраілю. З гэтай заявай ён выступіў у часе сэсіі парляменту, які мае ўхваліць склад новага кабінэту. Курэй паведаміў, што парляментарыі выказваюцца за аднаўленьне мірных перамоваў з Ізраілем. Ён заклікаў да правядзеньня новых выбараў на палестынскіх тэрыторыях, і міжнароднай канфэрэнцыі, якая выпрацавала б канчатковы мірны плян на падставе гэтак званай “ дарожнай мапы”. У часе сэсіі выступіў і палестынскі лідэр Ясір Арафат, які адзначыў, што і ізраільцы маюць права на мірнае жыцьцё.
“ Мы прызнаем дзяржаву Ізраіль, і не адмовімся ад гэтага прызнаньня. Ізраільскі народ мае права жыць у бясьпецы, міры і стабільнасьці побач з палестынскім народам у ягонай ўласнай незалежнай, палестынскай дзяржаве – у трывалым міры ў нашым рэгіёне”-сказаў Арафат
Дор Гольд, дараднік ізраільскага прэм’ера Шарона, назваў заяву палестынскага лідэра “ няшчырай”. У сваю чаргу міністр замежных справаў Ізраілю Сілван Шалом заявіў, што ягоная краіна прызнае новы палестынскі ўрад, калі той выявіць рашучасьць ў барацьбе з тэрарызмам.