ЕРУСАЛІМ. Ізраільскія вайскоўцы разбурылі два трынаццаціпавярховыя жылыя дамы ў паласе Газа. Перад гэтым яны эвакуявалі зь іх каля дзьвюх тысячаў палестынцаў.
Спэцслужбы Ізраілю патлумачылі неабходнасьць гэтага разбурэньня тым, што з дахаў дамоў палестынскія баевікі нібыта адсочвалі падзеі на ізраільскай тэрыторыі ды рыхтавалі тэрарэстычныя замахі.
Прадстаўнік ААН на Блізкім Усходзе зганіў разбурэньні, назваўшы іх парушэньнем міжнароднага заканадаўства.
А міністар турызму Ізраілю Бэні Элон, наадварот, бараніў гэтыя захады ізраільскага войска.
(Элон) “Мы папросту спрабуем быць рашучымі і дастаткова моцнымі, каб вынішчыць інфраструктуру тэрарызму, асабліва ў Паласе Газа”.
Сказаў ізраільскі міністар.
Між тым прадстаўнік палестынскай узброенай групоўкі Хамас заявіў, што ягоная арганізацыя гатовая распачаць перамовы з прэм’ер-міністрам Палестыны ў справе спыненьня замахаў супраць ізраільцаў.