БАКУ. Прынамсі дзьве асобы былі забітыя сёньня ў часе сутычак паміж паліцыяй і удзельнікамі дэманстрацыяў апазыцыі, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Азэрбайджане.
Паведамляецца, што 52-х гадовы мужчына памёр у шпіталі ад ранаў, якія атрымаў у часе бойкі з паліцыянтамі. Другі забіты – хлопчык.
Выбарчая камісыя Азэрбайджану абвесьціла пераможцам выбараў Ільхама Аліева, які атрымаў амаль 80% галасоў. Ільхам Аліеў – сын датыхчасовага кіраўніка Азэрбайджану Гейдара Аліева.
Ягоны бліжэйшы супернік – лідэр апазыцыйнай партыі Мусават - Іса Гамбар атрымаў толькі 12%.
Апазыцыя вінаваціць азэрбайджанскі ўрад у фальсыфікацыях падчас выбараў, а таксама ў парушэньнях закону ў часе перадвыбарчай кампаніі.
Прадстаўніца Арганізацыі ў бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе Урдур Гунарсдоцір заявіла, што назіральнікі АБСЭ ў Азэрбайджане зафіксавалі шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства.
(Гунарсдоцір) “Мы зафіксавалі шматлікія праблемы, такія як незаконнае ўкідваньне ў скрынкі бюлетэняў за пэўнага кандыдата, запалохваньне, прымус а таксама прысутнасьць на ўчастках людзей, якія ня маюць на гэта права і гэтак далей”.
Сказала прадстаўніца АБСЭ.
Азэрбайджанскія ўлады адкідаюць абвінавачаньні ў махлярстве.
Зараз у Баку працягваюца дэманстрацыі прыхільнікаў апазыцыйнай партыі Мусават, зьнішчаныя дзясяткі аўтамабіляў, пашкоджаныя будынкі ў цэнтры гораду. Паліцыя і войска жорстка зьбіваюць дэманстрантаў.