БАГДАД. Ірацкія сілы бясьпекі сёньня абстралялі дзьве дэманстрацыі беспрацоўных іракцаў. У сталіцы Іраку паліцыя пачала страляць пасьля таго, як блізу 100 чалавек напалі на будынак паліцэйскага пастарунку. Дэманстранты заявілі, што ім абяцалі працу ў паліцыі яшчэ ў ліпені. Некаторыя паведамілі, што ад іх патрабавалі хабар за ўладкаваньне на працу. Некалькі чалавек, сярод якіх былі як супрацоўнікі паліцыі, так і дэманстранты, былі параненыя. У горадзе Масул на поўначы Іраку натоўп беспрацоўных сабраўся блізу будынку адзьдзелу ў справах працаўладкаваньня. Потым удзельнікі акцыі пратэсту пачалі рухацца да будынку мясцовага ўраду. Згодна з дадзенымі міжнародных арганізацыяў узровень беспрацоўя ў Іраку наблізіўся да 50%.