АФІНЫ. Суд у Афінах вызваліў пад грашовы заклад расейскага мэдыа-магната Ўладзімера Гусінскага, выдачы якога дамагаецца Расея. Прадстаўнік суду паведаміў, што сума закладу складае 108 тысячаў даляраў ЗША, а Гусінскаму забаронена пакідаць Грэцыю да канчатковага вырашэньня ягонага лёсу. Былы ўладальнік тэлекампаніі “НТВ” Уладзімер Гусінскі быў затрыманы ў афінскім аэрапорце 21 жніўня. У Расеі яго абвінавачваюць у буйных крадзяжах і махлярстве.
Як заявіў сёньня намесьнік генеральнага пракурора Расеі Аляксандар Жумацій Масква будзе дамагацца выдачы ёй Гусінскага. Паводле Жумація ў блізкім часе адпаведны запыт будзе накіраваны грэцкім уладам.