МАНРОВІЯ. Новы кантынгэнт амэрыканскіх марскіх пэхацінцаў прыбыў для ўзмацненьня аховы амэрыканскай амбасады ў сталіцы Лібэрыі. У Манровіі ідуць баі паміж ўрадавымі сіламі й паўстанцамі. Прынамсі тры чалавекі былі параненыя, калі мінамётны снарад трапіў у будынак амбасады ЗША. Паводле непадцьверджаных дадзеных ў выніку абстрэлу загінулі некалькі супрацоўнікаў гуманітарных місіяў. З нядзелі паўстанцы вядуць абстрэл раёну, дзе размешчаныя замежныя прадстаўніцтвы. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пакуль не прыняў рашэньня аб ўдзеле амэрыканскіх войскаў у міратворчых сілах, якія фармуюць для адпраўкі ў Лібэрыю заходнеафрыканскія краіны.