БРУСЭЛЬ. Працягваецца скандал у сувязі з учорашнім выступам у Эўрапарлямэнце прэм’ер-міністра Італіі Сільвіа Бэрлусконі. Сёньня Канцлер Нямеччыны Герхард Шродар патрабаваў, каб Бэрлусконі папрасіў прабачэньня ў нямецкага дэпутата Марціна Шульца. Італьянскі прэм’ер у часе выступу перад дэпутатамі ў адказ на рэпліку Шульца сказаў, што таму варта паспрабаваць сябе ў ролі ахоўніка ў нацыскім канцлягеры.
Гаворыць Герхард Шродар:“Я чакаю, што італьянскі прэм’ер-міністар...(гоман у залі) Я чакаю, што італьянскі прэм’ер-міністар афіцыйна папросіць прабачэньні за гэтае недапушчальнае параўненьне.”
Тэлефонная размова паміж Шродарам і Бэрлусконі пакуль адкладзеная.Прынесьці прабачэньні ад Бэрлусконі патрабуе й Эўрапарлямэнт. Як заявіў прадстаўнік Эўракамісіі Рэджыа Кэмпінэн, заява Бэрлусконі ёсьць сур’ёзным палітычным інцыдэнтам.“Гэта вельмі сур’ёзны інцыдэнт і натуральна кожны, хто знаходзіцца тут, і кожны з Эўракамісіі аддаў бы перавагу, каб гэтага не адбылося,”сказаў прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Рэджыа Кэмпінэн.