Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 01:58 ]  У Ярданіі пачынаецца Усясьветны эканамічны форум


ШУНЭ. У Ярданіі пачынаецца Усясьветны эканамічны форум, прысьвечаны сытуацыі ў Іраку й на Блізкім Усходзе. Форум распачне кароль Ярданіі Абдула Другі, які, як чакаецца, зьвернецца з заклікам да мірнага ўрэгуляваньня блізкаўсходняга канфлікту. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заўтра прадставіць прапанову прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша аб стварэньні зоны свабоднага гандлю ў блізкаўсходнім рэгіёне. Ва Усясьветным эканамічным форуме возьмуць удзел Генеральны Сакратар ААН Кофі Анан, кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Гавьер Саляна й расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў. Яны будуць абмяркоўваць пэрспэктывы міжнароднага мірнага пляну блізкаўсходняга ўрэгуляваньня “дарожная мапа”, распрацаванага ЗША, Эўразьвязам, ААН і Расеяй. У трохдзённым форуме возьме ўдзел і кіраўнік часовай амэрыкана-брытанскай адміністрацыі Іраку Пол Брэмер. Яшчэ адной важнай тэмай перамоваў стане рэканструкцыя ірацкай эканомікі.
XS
SM
MD
LG