АНКАРА. Турэцкія выратавальнікі спынілі пошукі ахвяраў землятрусу, які адбыўся ў мінулы чацьвер у правінцыі Бінгёль. Пра гэта было абвешчана сёньня, пасьля таго як з-пад завалаў былі выцягнутыя целы двух дзяцей. У выніку навалы загінулі найменш 167 чалавек. Землятрус, моцай 6.4 пункты паводле шкалы Рыхтара пакінуў бяз даху жыхароў шэрагу местаў і вёсак на паўдзённым усходзе краіны. Як паведаміў губэрнатар правінцыі Хусэйн Кос, сярод загіблых – больш як 80 вучняў школы-інтарнату й адзін настаўнік. 114 дзяцей былі ўратаваныя.