НАСЫРЫЯ (ІРАК). Палiтычныя i рэлiгiйныя лiдэры Іраку сустрэлiся сёньня ў старажытным горадзе Ур, каб абмеркаваць будучыню краiны.
Па сканчэньнi сустрэчы, яны прынялi заяву, у якой заклiкаюць стварыць у Іраку дэмакратычную фэдэратыўную сыстэму. У заяве гаворыцца, што новы лiдэр Іраку ня мусiць быць прызначаны звонку. Аднак заява таксама заклiкае да супрацоўнiцтва з сiламi каалiцыi ў аднаўленьнi парадку ды iнфраструктуры Іраку.
Сярод удзельнiкаў сёньняшняй сустрэчы былi прадстаўнiкi апазыцыйных груповак з эмiграцыi, а таксама курды, мусульмане-сунiты i шыiты зь Іраку. На сустрэчы старшыняваў пасланьнiк ЗША Залмай Халiлзад. Таксама прысутнiчаў амэрыканскi генэрал у адстаўцы Джэй Гарнэр, якi будзе ўзначальваць часовую адмiнiстрацыю Іраку.
Асноўная палiтычная групоўка iрацкiх мусульман-шыiтаў (Вярхоўная рада iсьлямскай рэвалюцыi, якая базуецца ў Іране) байкатавала сустрэчу. У горадзе Насырыя сёньня тысячы чалавек сабралiся на дэманстрацыю пратэсту супраць амэрыканскiх плянаў уладкаваньня Іраку.