ТЫКРЫТ (ІРАК). Марская пяхота ЗША сёньня ўвайшла ў цэнтар паўночнаiрацкага гораду Тыкрыт. Паведамляецца, што супрацiў iрацкiх сiлаў быў слабы. Прэсавы сакратар амэрыканскага цэнтральнага камандаваньня, генэрал Вiнсэнт Брукс сказаў, што баi ў Тыкрыце былi адзiнымi сур’ёзнымi баявымi дзеяньнямi ў Іраку за апошнiя суткi.
Тыкрыт – горад у якiм нарадзiўся Садам Хусэйн – гэта апошняе апiрышча супрацiву з боку ягонага рэжыму.
Тым часам паведамляецца, што ў Багдадзе сёньня пачалося сумеснае патруляваньне вулiцаў iрацкай палiцыяй i амэрыканскiмi войскамi. Пасьля захопу Багдаду амэрыканцамi на мiнулым тыднi ў горадзе было шмат выпадкаў марадзёрства з боку мясцовых жыхароў.
Сёньня ж у Багдадзе каля 20 рэлiгiйных i апазыцыйных лiдэраў сабралiся, каб абмеркаваць пытаньнi бясьпекi, а таксама аднаўленьне сыстэмаў электра- i водазабесьпячэньня.