БАГДАД. Вайскоўцы Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі спрабуюць навесьці парадак у тых ірацкіх местах, дзе пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна пануе бязладзьдзе. Прадстаўнік вайсковага кіраўніцтва ЗША паведаміў тэлекампаніі Бі-Бі-Сі, што саюзьнікі ўсталёўваюць кантакты з супрацоўнікамі йрацкай паліцыі не замяшанымі ў злачынствах былога рэжыму і спрабуюць пераканаць іх ізноў вярнуцца да працы. Паведамленьні пра масавыя рабункі й марадзёрствы паступалі з Багдаду, Басры і местаў Масул ды Кіркук на поўначы Йраку, занятых курдзкімі аддзеламі пры падтрымцы аддзелаў ЗША. Кантроль нафтавых радовішчаў у раёне Масулу й Кіркуку пераходзіць у рукі вайскоўцаў ЗША. Войска саюзьнікаў канцэнтруецца ля места Тыкрыт – радзімы Садама Хусэйна, апошняга апірышча верных яму сілаў.