ВАРШАВА. У Польшчы закончыўся тэрмін дзеяньня закону, які абараняў ад банкруцтва вугальныя прадпрыемствы краіны. Польскі ўрад мае намер рэструктурыяваць галіну: зачыніць 7 шахтаў і скараціць больш як 35 тысячаў працоўных месцаў. Усяго ў вугальнай прамысловасьці Польшчы працуе 140 тысячаў чалавек. Прафсаюзы пагражаюць адказаць на дзеяньні ўраду масавым страйкам, за які яшчэ на пачатку сьнежня выказалася бальшыня рабочых. На гэты ж месяц заплянаваная сэрыя перамоваў паміж шахцёрамі і лідарамі прафсаюзаў. Шмат якія шахты Польшчы састарэлі, сталіся неэфэктыўнымі і небясьпечнымі для працы.