ВАШЫНГТОН Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што ня меў канкрэтнай інфармацыі пра пагрозу тэрактаў напярэдадні 11 верасьня. Буш сказаў сёньня ў Белым Доме, што калі б ён ведаў, што тэрарысты плянуюць нанесьці ўдары, то зрабіў бы усё магчымае, каб прадухіліць гэтыя атакі. Гэтак Буш упершыню адрэагаваў на паведамленьні, што адміністрацыя ЗША яшчэ ў жніўні летась мела інфармацыю пра магчымасьць тэрактаў. Некаторыя кангрэсмэны патрабуюць абнародваньня дакладных запісак ЦРУ, у якіх гаворыцца пра пагрозы тэрактаў. У іншых дакумэнтах, падрыхтаваных агэнтам ФБР, сказана, што многія жыхары Блізкага Ўсходу навучаюцца ў лётных школах. Белы Дом заяўляе, што гэтыя дакумэнты не ўтрымлівалі канкрэтнай інфармацыі, якая б патрабавала захадаў павышанай бясьпекі.