НЬЮ-ЁРК. Генэральны сакратар Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў Кофі Анан сказаў, што цяпер ён схільны распусьціць адмысловую місію ААН, якую плянавалася паслаць для расьсьледаваньня падзеяў у палестынскім лягеры ўцекачоў у Джэніне. Анан заявіў, што місія ня можа распачаць працу з прычыны няспынных пратэстаў з боку Ізраілю, і таму ён схільны яе адмяніць. Сёньня адбудзецца паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, пасьля якога Кофі Анан прыме сваё канчатковае рашэньне. Ізраіль напачатку пагадзіўся прыняць адмысловую місію, аднак патрабаваў зьменаў у яе складзе і аб’ёме паўнамоцтваў. Прадстаўнікі палестынцаў і арабскіх краінаў патрабуюць ад ААН разгледзець пытаньне аб санкцыях супраць Ізраілю, калі місія неадкладна не распачне сваю працу. Палестынцы і арабскія краіны цьвердзяць, што падчас ізраільскага наступу ў мінулым месяцы ў Джэніне адбылася крывавая разьня. Ізраіль адмаўляе гэта, цьвердзячы, што там падчас антытэрарыстычнай апэрацыі былі забітыя пераважна ўзброеныя ваяўнікі.