БУДАПЭШТ.
Выбарцы Вугоршчыны сёньня йдуць на ўчасткі для галасаваньня ў другім, вырашальным туры парлямэнцкіх выбараў.
Апазыцыйныя сацыялісты спадзяюцца перамагчы кансэрватыўнага прмэ'ер-міністра Віктара Орбана пасьля нечаканых вынікаў першага тура выбараў, які адбыўся два тыдні таму. Тады былыя камуністы зь невялікай перавагай перамаглі Орбанаў альянс ФІДЭС-Дэмакратычны форум. Пасьля гэтага сацыялісты стварылі саюз з лібэраламі – з партыяй свабодных дэмакратаў, якія занялі ў першым туры трэцяе месца.
Выбарчыя ўчасткі ў Вугоршчыне адчыніліся а 7-й гадзіне менскага часу й будуць працаваць да 20-й. Неўзабаве пасьля заканчэньня галасаваньня чакаюцца папярэднія вынікі выбараў.