Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 15:27 ]  Яшчэ адзін чалавек забіты на Заходнім беразе Ярдану


ЕРУСАЛІМ. Адзін чалавек быў забіты сёньня ў горадзе Наблус на Заходнім беразе Ярдану падчас сутычак палестынскай паліцыі з прыхільнікамі радыкальнага палестынскага руху “Хамас”. Каля 15 тысячаў чалавек сабраліся каля вязьніцы з патрабаваньнем вызваліць арыштаваных актывістаў “Хамасу”. Учора “Хамас” абвесьціў паўнамаштабную вайну Ізраілю. Гэтая заява была зробленая пасьля рэйду ізраільскага войска ў Наблус, падчас якога былі забітыя 4 актывісты “Хамасу”. Два ізраільцы памерлі сёньня ад ранаў, атрыманых у часе учорашняга тэрарыстычнага акту ў Ерусаліме. Усяго было паранена ня меней як 14 чалавек. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе арганізацыя “Пакутнікі Аль-Аксы”. Сёньня міністар замежных справаў Ізраілю Пэрэс выступіў на сэсіі Рады Эўропы ў Страсбуры. Ён заявіў, што мірныя перамовы з палестынцамі могуць пачацца толькі пасьля таго, як Арафат умацуе свой кантроль у палестынскай аўтаноміі. Пэрэс адзначыў, што паколькі Арафат ня мае дастатковага уплыву, каб пакласьці канец тэрору, ягоныя мірныя прапановы бясплённыя. Краіны Эўразьвязу крытыкаюць Ізраіль за палітыку разбурэньня будынкаў на палестынскіх тэрыторыях. Міністар замежных справаў Гішпаніі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе, заявіў сёньня, што гэтая палітыка ня мае нічога агульнага з забеспячэньнем бясьпекі Ізраілю.
XS
SM
MD
LG