ГАЗА СІЦІ. Ізраільскія баявыя гэлікоптэры ў ноч з сыботы на нядзелю нанесьлі новыя ўдары па палястынскіх аб’ектах у Паласе Газа. Бамбаваліся адміністрацыйныя будынкі Палястынскай аўтаноміі ў пасяленьні Джабалія. Паводле папярэдніх зьвестак, ахвяраў няма.
Прадстаўнікі ізраільскага войска заявілі, што гэта быў іхны адказ на мінамётны абстрэл гэбрайскага пасяленьня, што знаходзіцца недалёка.
Учора ў часе перастрэлак зь ізраільскімі вайскоўцамі ў раёне населенага пункту Бэйт Ханун загінулі 4 палястынцы і былі параненыя, паводле розных крыніцаў, ад 40 да 60 чалавек. Ізраільскія вайскоўцы арыштавалі некалькіх актывістаў экстрэмісцкіх груповак “Хамас” і “Іслямскі джыгад”.
Вашынгтон адклікаў свайго пасланца на Блізкім Усходзе Энтані Зіні дзеля кансультацыяў – у сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў рэгіёне.