ЖЭНЭВА. Больш за 120 краінаў распачнуць сёньня сустрэчу, якая мае на мэце аднаўленьне падтрымкі правоў уцекачоў.
Міністры і вышэйшыя кіраўнічыя асобы краінаў, што ратыфікавалі Жэнэўскае пагадненьне ў справе ўцекачоў, сустрэнуцца ў гэтым швайцарскім горадзе. Нараду арганізавалі швайцарскі ўрад і Вярхоўны камісар ААН у справе ўцекачоў.
Пагадненьне было падпісанае неўзабаве пасьля Другой усясьветнай вайны, калі адбываліся масавыя перамяшчэньні людзей у Эўропе. Яно тлумачыць, хто мае права атрыманьня статусу ўцекача і якім чынам яны могуць трапляць пад міжнароднае права.
Пагадненьне мае быць удакладненым, бо вельмі цяжка адрозьніць сапраўдных палітычных уцекачоў ад эканамічных мігрантаў, якія шукаюць лепшага жыцьця.
Зь іншага боку -- тэрарыстычныя напады на ЗША прымусілі гэтую і шэраг іншых краінаў, прыкладам, Вялікую Брытанію, зрабіць больш жорсткімі іміграцыйныя законы.
Упраўленьне Вярхоўнага Камісарыяту выказвае занепакоенасьць, што сучасныя рэаліі могуць ускладніць пошук прытулку палітычным уцекачам.