ТАЛІН. У Таліне сёньня адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі.
Лідэры пяці краінаў абмярнуюць сытуацыю ў сьвеце пасьля бэспрэцэдэнтных тэрактаў у ЗША, пытаньні рэгіянальнага супрацоўніцтва і пэрспэктывы пашырэньня НАТО і Эўрапейскага Зьвязу.
Учора ў Вільні камісар у справе пашырэньня Эўразьвязу Гюнтэр Фэрхойген, які зараз знаходзіцца ў краінах Балтыі, заявіў, што тэрарыстычныя напады супраць Злучаных Штатаў могуць прысьпешыць пашырэньне Эўразьвязу.
Ён сказаў, што «страшныя падзеі ў Злучаных Штатах» дэманструюць важнасьць эўрапейскай інтэграцыі. Паводле Фэрхойгена, інтэграцыя – найлепшы спосаб зрабіць Эўропу бясьпечным месцам для яе грамадзянаў, аб’яднаць кантынэнт і гарантаваць мір, дэмакратыю і эканамічную стабільнасьць.